Наогул, з пачатку года спецыялісты гэтай службы праверылі 412 суб’ектаў гаспадарання – установы адукацыі і аховы здароўя, гандлёвыя аб’екты, арганізацыі і прадпрыемствы розных кірункаў дзейнасці. Найменш прэтэнзій да ўтрымання прылеглых тэрыторый прад’яўлена да кіраўніцтва ўстаноў адукацыі і аховы здароўя. Найбольш — да ўласнікаў будаўнічых пляцовак і сельскагаспадарчых арганізацый, якія пераважна знаходзяцца ў сельскай мясцовасці.
— На прылеглых тэрыторыях былі выяўлены адходы вытворчасці, рэшткі будматэрыялаў, запчасткі для аўтатэхнікі, бытавое смецце, — заўважае намеснік галоўнага ўрача занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сяргей Каравай. – Усе парушэнні нашы спецыялісты фатаграфавалі, здымкі потым дасылалі разам з прадпісаннямі.
З пачатку года такія «пакеты» атрымалі 159 з 412 правераных суб’ектаў гаспадарання раёна. Санітарная служба не першы год практыкуе такую сістэму работы з парушальнікамі, што дысцыплінуе іх і не дае магчымасці адмаўляцца ад парушэнняў.
Намеснік галоўнага ўрача ЗЦГіЭ таксама нагадаў аб тым, што іх служба пачала ўжо «маніторыць» прылеглыя тэрыторыі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна ў рамках месячніка па навядзенні парадку на зямлі, які аб’явіў абласны выканаўчы камітэт, і ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці прадпрымальніцтва».