Мы наведалі комплекс, калі масавае паступленне збожжа новага ўраджаю яшчэ не пачалося. Магутнасці былі задзейнічаны на сушцы рапсу. Абсталяванне працавала бездакорна, у гэтым спрыяла старанная падрыхтоўка тэхнікі да ўборачнай кампаніі.
— Працуе зернесушыльны комплекс на газе, — адзначыў начальнік зернескладоў Мікалай Усціновіч. – Загрузачная магутнасць комплексу складае 80 тон. Тут абслугоўваюцца ўсе віды тэхнікі, што прывозіць збожжа з палёў, нават 30-тонныя аўтамабілі. Даведзенае да кандыцыі збожжа захоўваецца ў спецыяльных баках-сховішчах. Яны разлічаны на 3600 тон.
Мікалай Лявонцьевіч паведаміў, што абслугоўваюць комплекс і склады шасцёра чалавек. Працуюць яны пазменна і забяспечваюць кругласутачную работу абсталявання. Спецыялісты кантралююць вільготнасць, тэмпературу збожжа, іншыя параметры. Людзі забяспечаны гарачымі абедамі і падвячоркамі. Ва ўзмоцненым рэжыме работнікі будуць працаваць да завяршэння ўборачнай.
— Пасля давядзення да патрэбнай кандыцыі збожжа адпраўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Такім чынам, ад работнікаў комплексу ў многім залежыць якасць прадукцыі гаспадаркі, што паступае ў лік дзяржзакупак, — падкрэсліў Мікалай Усціновіч.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.