Трэба прызнаць, што пакуль мы не можам пералічыць імёны ўсіх, хто загінуў у пекле генацыду. Каб менш стала такіх белых плям, і была праведзена гэта работа. У выніку ўдалося аднавіць некалькі дзясяткаў новых імёнаў ахвяр вайны, а пра некаторых нават даведацца, пры якіх абставінах яны загінулі.
Так, у вёсцы Пісараўшчына ў першыя дні вайны акупанты арыштавалі савецкіх і камсамольскіх актывістаў Васіля Іванавіча Макоўскага 1915 года нараджэння, Мікалая Іванавіча Макоўскага 1912 года нараджэння, Тараса Данілавіча Макоўскага 1907 года нараджэння. Разам з імі арыштавалі і цяжарную жонку Тараса Данілавіча Веру Пятроўну з дваімі малымі дзецьмі.
Пасля непрацяглага допыту немец моцна ўдарыў жанчыну гумавай палкай і загадаў ісці дамоў. Мужчын пешшу адвялі ў Краснае, дзе ў падвале нейкага будынка дапытвалі, увесь час збіваючы. На наступны дзень іх адвялі на ўскраіну Краснага ў бок Ракуцёўшчыны, далі рыдлёўкі і загадалі капаць яму. Здагадваючыся, што іх чакае, Тарас злаўчыўся, выскачыў з ямы і пачаў уцякаць, але немец яго дагнаў і застрэліў. Расстралялі і астатніх. Вясной нямецкія ўлады дазволілі сваякам перапахаваць забітых на могілках у Мясаце.
Былі і яшчэ ахвяры з гэтай вёскі. Жыхары Пісараўшчыны 19-гадовы Дзмітрый Лявонавіч Макоўскі і 18-гадовая Вольга Іванаўна Макоўская працавалі ў Маладзечне ў нямецкай сталоўцы. Гэта гарантавала, што іх не вывезуць у Германію на прымусовую працу. Кожны дзень яны выходзілі на шашу ў шэсць гадзін раніцы, дзе іх падбіраў аўтобус, які вёз такіх жа людзей у Маладзечна на работу.
Красавіцкай ноччу 1943 года непадалёк ад Мясаты партызаны пусцілі пад адхон нямецкі эшалон. І так трэба было здарыцца, што менавіта ў той дзень падлеткі спазніліся на аўтобус і трапілі ў нямецкую аблаву. Вольга станавілася перад немцамі на калені, прасілася, але нішто не дапамагло. Іх расстралялі.
Вывучаючы падзеі, звязаныя з генацыдам беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вырашыў знайсці магілы гэтых людзей на могілках у Мясаце. Мне гэта ўдалося. Аказваецца, усе ахвяры гітлераўцаў пахаваны амаль у адным месцы.
Выпадкова недалёка ад тых магіл знайшоў яшчэ адзін помнік, дзе ўказвалася, што там таксама пахавана ахвяра вайны.
Тады ў мяне ўзнікла ідэя абследаваць усе могілкі, каб знайсці падобныя пахаванні. Я разумеў, што за час, што мінуў пасля вайны, не ўсе надпісы на помніках удасца прачытаць, дапускаў, што некаторыя з іх за гэты час наогул маглі не захавацца. Але вынік абследавання ўразіў.
Толькі на могілках у Мясаце ўдалося выявіць 46 помнікаў, на якіх указваецца, што там пахаваныя людзі, якія памерлі ў перыяд акупацыі мясцовасці. На 21 пахаванні ўказана, што людзей закатавалі і забілі. Наконт астатніх (хаця такіх надпісаў і няма) можна здагадацца, што лёс і гэтых людзей быў падобным, бо яны былі яшчэ зусім маладыя, каб памерці сваёй смерцю.
У гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць» прыведзены толькі шэсць прозвішчаў з усіх выяўленых (Васілій Іванавіч Макоўскі, Мікалай Іванавіч Макоўскі, Антон Мікалаевіч Бурак, Васілій Іванавіч Сай, Аляксей Рыгоравіч Сушко, Іван Васільевіч Хомчык).
Ніжэй прыведзены спіс выяўленых ахвяр вайны, звестак пра жыццё і абставіны гібелі якіх мала. Было б добра, каб чытачы «Маладзечанскай газеты», якія нешта ведаюць пра гэтых людзей, падзяліліся інфармацыяй з рэдакцыяй. Пра тыя падзеі трэба ведаць як мага больш.
Тарас Данілавіч Макоўскі (1907-1941 гг.), Вольга Іванаўна Макоўская (жыла 18 гадоў, загінула 25.04.1943 г.), Дзмітрый Іванавіч Макоўскі (жыў 19 гадоў, загінуў 25.04.1943 г.), Маланія Яфімаўна Балыкіна (забіта немцамі ў ліпені 1944 г.), Вольга Балыкіна (13 гадоў, забітая нямецкімі салдатамі ў ліпені 1944 г.), Фёдар Сцяфанавіч Гоўзбіт (жыў 29 гадоў, забіты 16.12.1942 г.), Іван Фаміч Курыловіч (жыў 43 гады, загінуў у 1941 годзе), Іван Міхайлавіч Курыловіч (забіты 2.07.1941 г.), Варфаламей Адамавіч Лаўрыновіч (нарадзіўся ў 1899 годзе, забіты ў 1941-м), Уладзімір Осіпавіч Лемантовіч (жыў 51 год, забіты 2.07.1941 г.), Марыя Іванаўна Лемантовіч (жыла 78 гадоў, забіта 2.07.1941 г.), Уладзімір Вікенцьевіч Пажыгайла (жыў 18 гадоў, забіты ў 1944 годзе), Мікалай Міхайлавіч Самаль (жыў 37 гадоў, забіты 2.07.1941 г.), Андрэй Парамонавіч Сільвановіч (жыў 27 гадоў, забіты ў 1944 годзе), Марыя Іларыёнаўна Хомчык (нарадзілася 19.02.1922 г., забіта ў 1944 годзе), Ганна Кірылаўна Бурак (1905-1944 гг.), Мікалай Антонавіч Бурак (памёр у 1944 годзе), Міхаіл Цімафеевіч Бурак (жыў 25 гадоў, памёр у 1942 годзе), Мікалай Сцяпанавіч Кісель (жыў 13 гадоў, памёр 15.07.1943 г.), Леаніда Макоўская (памерла ў 1944 годзе), Міхаіл Казіміравіч Насадовіч (памёр 19.09.1942 г.), Іван Савіцкі (жыў 29 гадоў, памёр 5.04.1942 г.), Ксенія Васільеўна Сілівановіч (жыла 27 гадоў, памерла 10.03.1943 г.), Вольга Іосіфаўна Сушко (1892-1941 гг.), Аляксандр Мікалаевіч Парфімчык (10.03.1907 – 20.04.1944 гг.), Алена Сямёнаўна Раманоўская (8.09.1897 – 2.01.1944 гг.), Варвара Аляксандраўна Раманоўская (жыла 41 год, памерла 11.05.1942 г.), Іван Харлам (жыў 63 гады, памёр 31.10.1941 г.), Аляксандр Чаеўскі (жыў 64 гады, памёр у 1943 годзе), Ніна Чаеўская (жыла 24 гады, памерла 5.07.1944 г.).
Сяргей СТАРЫКЕВІЧ, краязнавец.
Фота: архіў АЎТАРА.