Штодзённая карпатлівая работа начальніка аддзела па выплаце пенсій і дапамогі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Валянціны Масевіч звязана з бясконцымі падлікамі, афармленнем дакументаў. І нямногія ўсведамляюць, што за кожнай лічбай і паперай – лёс чалавека.
Па выніках дзейнасці за мінулы год Валянціна Іванаўна стала лепшым работнікам органаў дзяржаўнага кіравання, і яе імя занесена на раённую Дошку гонару. Больш за 20 гадоў яна працуе ў райвыканкаме. Спачатку займалася праграмным забеспячэннем, потым узначаліла аддзел па выплаце пенсій і дапамогі. Работа звязана не толькі з падлікамі і афармленнем дакументаў. Гэта яшчэ і сустрэчы з людзьмі. Распланаваць працоўны дзень практычна немагчыма – загадзя невядома, з якімі праблемамі прыйдуць наведвальнікі і колькі іх будзе ўвогуле. У аддзеле працуюць таксама галоўныя спецыялісты Вольга Горбач і Галіна Дуровіч.
Але менавіта начальнік аддзела вырашае найбольш складаныя і спрэчныя сітуацыі, якіх бывае нямала. Да прыкладу, яны тычацца ўтрымання з пенсій і дапамогі па доглядзе інвалідаў. Найчасцей гэта адбываецца з-за таго, што чалавек па тых ці іншых прычынах своечасова не ўнёс банкаўскі крэдыт, не разлічыўся за камунальныя паслугі, не заплаціў падаткі, аліменты або штраф за парушэнне правіл дарожнага руху.
-- Адна справа -- калі хтосьці наўмысна ўхіляецца ад выплат, і зусім іншая -- калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю і ў яго абмежаваныя фінансавыя магчымасці, што бывае нярэдка. У кожную праблему даводзіцца ўнікаць і прапускаць праз сябе, але як работнік органаў дзяржаўнага кіравання, я не магу мінуць закон, -- гаворыць субяседніца.
У Маладзечанскім раёне больш за 38300 чалавек атрымліваюць працоўныя пенсіі, 793 – дапамогу па доглядзе інвалідаў (з ліку дарослых).
Сярэдні памер пенсіі па Маладзечаншчыне – больш за 300 рублёў. Самыя вялікія сумы прадугледжаныя дзяржавай інвалідам першай групы ў адпаведнасці з законам «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый».
Самая малая пенсія, вядома, сацыяльная па ўзросце – сёння гэта амаль 100 рублёў. Такую суму атрымліваюць 43 жыхары раёна, якія дасягнулі права на атрыманне пенсіі па ўзросце, але ў іх няма неабходнага працоўнага стажу.
Наш рэгіён уваходзіць у катэгорыю «немаладых». У нас нямала і доўгажыхароў: шасцёра дасягнулі векавой мяжы, 586 чалавек ва ўзросце 90-99 гадоў, 4220 перасягнулі 80.
-- У мяне склалася прафесійная прывычка візуальна ацэньваць узрост наведвальнікаў. Вельмі радуе, калі памыляюся. Аднойчы прыйшлі мама з дачкой, якіх я пераблытала. Ім было 91 і 70 адпаведна. Старэйшая выглядала шыкоўна! А неяк сказала мужчыну: «Прыйдзеце, калі вам будзе 75». А той у адказ: «Мне ўжо 79!». Не перастаю здзіўляцца людзям, якім ужо за 80, а яны яшчэ працуюць. У раёне нават ёсць прадпрымальніца такога ўзросту і кіраўнік прадпрыемства.
Радуе Валянціну Іванаўну і калі наведвальнікі, якія прыходзяць «высвятляць адносіны» і «пасварыцца», застаюцца задаволенымі праведзенай работай і іх пытанне вырашаецца станоўча.
-- Практычна ўсе пенсіянеры ведаюць свае правы, але нямногія з іх ведаюць пра абавязкі, якія, дарэчы, пазначаны на апошняй старонцы пенсіённага пасведчання. Напрыклад, яны абавязаны апавяшчаць аб абставінах, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам цягнуць змяненне выплат, – гэта працаўладкаванне, звальненне, рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, перамена месца жыхарства і інш. Ні ў якім разе нельга прадстаўляць дакументы з недакладнымі звесткамі або ўтойваць тыя ці іншыя факты. У выніку давядзецца мець справу з праваахоўнымі органамі, а лішак пенсіі будзе ўтрыманы, -- заўважае Валянціна Іванаўна.
Аддзел пад яе кіраўніцтвам таксама займаецца налічэннем дапамогі бацькам па доглядзе дзяцей. Сёння 1015 мясцовых жыхароў атрымліваюць адпаведныя выплаты на малышоў да трох гадоў і 575 – на дзяцей старэйшых за тры гады. На жаль, у нашым раёне павялічваецца колькасць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, на іх таксама дзяржавай прадугледжаны сацыяльныя пенсіі і грашовая дапамога па доглядзе. Больш за 1200 хлопчыкаў і дзяўчынак, у якіх няма аднаго з бацькоў, атрымліваюць пенсіі па страце кармільца. Гэтыя пытанні асабліва балючыя для Валянціны Іванаўны.
У аддзеле па выплаце пенсій і дапамогі захоўваецца своеасаблівы летапіс Маладзечаншчыны ў асобах. Тут стосы дакументаў на жыхароў ад моманту іх нараджэння да выхаду на заслужаны адпачынак. І нават калі чалавек пакідае гэты свет, асабістая справа на яго захоўваецца ад 25 да 50 гадоў.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.