Новости Молодечно и Молодечненского района

З павагай да зямлі: жыццё адной вёскі

  • 2025-09-16 08:54:29
  • Диана ЗЕЛЕНКО

Загорскае – вёска ў складзе Мясоцкага сельсавета. Да 30 ліпеня 1964 года называлася Ваўкі, пасля была перайменавана. Стараста вёскі Рыта КАПЦЮК прызнаецца, што раней у вёсцы было больш мясцовых жыхароў. Зараз большасць дамоў выкупілі дачнікі, сапраўды старажылаў вёскі няшмат, каля пяцідзесяці чалавек. Моладзь тут доўга не затрымліваецца, ірвецца ў горад.



У жыцці вёскі заўсёды пануе асаблівая атмасфера, напоўненая працай, клопатам і ўзаемадапамогай. Простыя працаўнікі сяла – гэта людзі, чые лёсы пераплецены з зямлёй, прыродай і традыцыямі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Кожны дзень яны ўстаюць на досвітку, каб працаваць на сваіх палях, даглядаць жывёл і клапаціцца аб сваіх блізкіх.

Дзіўныя лёсы – гэта сведчанне сілы духу, любові да зямлі і адданасці сваёй справе. Яны працягваюць захоўваць традыцыі і рабіць свет вакол сябе лепшым, натхняючы іншых сваім прыкладам. У іх жыцці заключана сапраўдная мудрасць: шчасце не заўсёды ў вялікіх дасягненнях, а і ў тым, каб жыць з любоўю і павагай да таго, што нас акружае.

Рыта Капцюк займае ганаровае званне старасты вёскі. Няма ніводнага чалавека, пра якога б не ведала Рыта Яўгенаўна.

– Я нарадзілася і вырасла ў Мясаце, у Загорскае пераехала пасля замужжа. Працавала дзяжурнай па выдачы даведак на Чыгуначным вакзале ў Маладзечне 28 гадоў свайго жыцця, зараз на заслужаным адпачынку. На пенсіі часу шмат, вось цяпер паспяваю займацца вёскай, сваім садам і агародам, – дзеліцца Рыта Яўгенаўна.

Непадалёк на суседнім участку ходзіць па садзе доўгажыхарка вёскі Надзея Завадская, пра яе і пойдзе наш аповед.

Успаміны з мінулага

– Нарадзілася я і вырасла ў Красненскім сельсавеце, у Загорскае прыехала да мужа. Пайшла працаваць у сямнаццаць гадоў, раней у Красным быў невялікі гуталінавы завод, адпрацавала гадоў шэсць і выйшла замуж. Ужо пасля працавала да пенсіі даяркай у калгасе ААТ "Усход-Агра". Памятаю, усе жанчыны ездзілі на працу ў Мінск, а ў мяне былі маленькія дзеці, даводзілася шукаць працу тут, – пачынае сваё апавяданне Надзея Васільеўна.
– Раней у вёсцы была малочнатаварная ферма, цяпер яе расфарміравалі. Толькі вось хто быў яе дырэктарам? – успамінае стараста.

І вось тут пачынаецца самая ажыўленая дыскусія. Суразмоўцы раз-пораз перабіраюць знаёмых ім людзей, каб успомніць гэтую важную інфармацыю.
– Дакладна, Люба Бельская клікала мяне на працу. А потым быў Аляксей, толькі вось прозвішча яго ніяк не ўзгадаю, – кажа Надзея Завадская. – Працаваць у тыя гады было цяжка, не было механізавання, даільных апаратаў. Ішлі ў нагу з часам, мне ёсць з чым параўноўваць. Паспела папрацаваць і рукамі, і механізавана. Муж працаваў у Мінску на чыгунцы ў таварным двары стропальшчыкаў. Свая праца цяжкая была, але паспяваў і мне дапамагаць у калгасе. Памятаю, прыедзе з працы – і адразу на дапамогу, у мяне было 12 кароў, дзялілі пароўну і даілі разам.

Дзяцей у Надзеі Васільеўны чацвёра. Спачатку на свет з'явіліся двайняты, з іх нараджэннем давялося зрабіць вялікі перапынак у стажы: малыя патрабавалі ўвагі і клопату. З часам нарадзіліся сямёра ўнукаў і трое праўнукаў, зараз любімай бабулі няма калі сумаваць.

Цяпер, калі ўжо яны зусім дарослыя, Надзея Васільеўна з радасцю назірае за іх поспехамі і дасягненнямі. Кожны з іх абраў свой шлях: хтосьці пайшоў па слядах бацькоў і стаў урачом. Унукі часта збіраюцца ў бабулі ў выхадныя, і хата напаўняецца смехам і радасцю.

Надзея Васільеўна заўсёды гатуе для сваіх улюбёнцаў нешта асаблівае - іх любімыя стравы, рэцэпт якіх яна перадае з пакалення ў пакаленне. Час, праведзены разам, становіцца сапраўдным святам: яны гуляюць у настольныя гульні, расказваюць адзін аднаму гісторыі і дзеляцца сваімі марамі.

Праўнукі, яшчэ маленькія, з захапленнем слухаюць расказы бабулі пра яе маладосць, пра тое, як яна гадавала сваіх дзяцей і як важна быць побач з блізкімі. Надзея Васільеўна марыць аб тым, каб перадаць ім свае веды і вопыт, бо менавіта сям'я - гэта тое, што робіць нас мацнейшымі.

Пра вайну і тату

– Бацькоў маіх ужо даўно няма ў жывых, памятаю, як тата прыйшоў з вайны. У сям'i я была адзінай дачкой, пасадзіў мяне на калені і моцна-моцна абняў. А калі адыходзіў на вайну, мама нам не сказала. Памятаю толькі, як нас з малодшым братам тата пацалаваў і пайшоў. Але найбольш у памяці застаўся яго шынель... Тады і пытацца нічога не хацелася, а калі б зараз быў жывы, усё-ўсё распытала б, – са шкадаваннем кажа Надзея Васільеўна.

Цяпер, азіраючыся назад, мы ўсе разумеем, што вайна пакінула глыбокі след у нашых сэрцах. Але яна таксама навучыла нас цаніць кожнае імгненне разам, кожную ўсмешку і кожнае слова кахання.
Мы сталі мацнейшымі дзякуючы таму часу чакання і надзеі. Гэтыя ўспаміны будуць жыць у нас як напамін аб тым, што нават у самыя цёмныя часы святло кахання можа прабіцца скрозь любыя перашкоды.

Пра сад і агарод

– Суставы з узростам падводзяць, цяжка прапалоць градкі з дзвюма палачкамі ў руках, сабраць ураджай. Зараз усім гэтым займаецца дачка Святлана з мужам. І па гаспадарцы дапамогуць, і ягаду пасадзяць.
Пакуль я ўважліва разглядала кветкі, мая суразмоўніца завяла размову пра лес.
– Раніцай паспела з'ездзіць у лес па грыбы. Праўда, іх зусім мала стала, то не, то чарвівыя, толькі на суп і хопіць. А раней... вось гэта быў ураджай. І маліны збіралі, і чарніцы з ажынамі, брусніцы – вось гэта радасць жыцця, а цяпер... толькі на адзін раз і хопіць, – прызнаецца стараста.
– У маёй маладосці мы ўлетку кожны дзень у лес хадзілі па грыбы і ягады. І дзяцей, і ўнукаў прывучалі да прыроды, раней нельга было проста прыйсці і купіць у магазіне. Я заўсёды казала сваім дзецям і ўнукам: "Запамінайце гэтыя імгненні, яны неацэнныя". І зараз, калі я гляджу на іх, бачу, як яны працягваюць гэтую традыцыю са сваімі дзецьмі. Сэрца маё напаўняецца радасцю, бо я ведаю – нашы ўспаміны жывуць далей, перадаючыся з пакалення ў пакаленне, – падключаецца да размовы Надзея Васільеўна.

Пра сямейныя каштоўнасці

– Безумоўна, большую частку свайго жыцця я прысвяціла дзецям, унукам, праўнукам. Азіраючыся назад, разумею, што пражыла добрае жыццё, змагла выгадаваць годны працяг нашай сям'і. Я заўсёды старалася быць побач, падтрымліваць іх і клапаціцца, таму што для мяне гэта было найважнейшым. Колькі б ні мінула гадоў, я заўсёды буду памятаць тыя моманты, калі мы збіраліся разам, смяяліся і дзяліліся радасцю. Гэтыя ўспаміны саграваюць маю душу. Я рада, што пражыла такое жыццё. Жадаю, каб мая сям'я ведала, што мая любоў да іх бязмежная. Я спадзяюся, што яны і далей будуць перадаваць гэтае пачуццё адзін аднаму і сваім дзецям. Сям'я – гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць. Беражыце адзін аднаго і памятайце, што я заўсёды з вамі ў сэрцы.

Пра жыццё ў вёсцы

Жыццё ў вёсцы – гэта ўнікальны вопыт, напоўнены прастатой і гармоніяй з прыродай. Тут, удалечыні ад гарадской мітусні, час цячэ павольней, а кожны дзень прыносіць свае радасці і клопаты.
Раніца ў вёсцы пачынаецца з першых промняў сонца, якія прабіваюцца скрозь вокны. Птушкі спяваюць свае ранішнія песні, а свежае паветра напаўняе лёгкія. Мясцовыя жыхары рана ўстаюць, каб заняцца паўсядзённымі справамі: хтосьці ідзе ў агарод, хтосьці корміць жывёлу, а нехта проста атрымлівае асалоду ад кубка гарачай гарбаты на ганку.

Мы працягваем сваё падарожжа па нязведаных краях беларускіх вёсак. Кожная новая вёска для нас – прыгода ў свет нязведанага і самабытнага. Кожная новая гісторыя з жыцця – прыклад для будучага пакалення, а добры ці дрэнны – гэта вырашаць асобна кожнаму.

Тэкст і фота: Дзіяна ЗЕЛЯНКО