Працоўны «дэсант» з ліку прадстаўнікоў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Маладзечанскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Красненскага лясніцтва і раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў высадзіўся ў мінулую пятніцу ў лясным масіве паміж вёскамі Радзеўцы і Вялікі Бор.
Плённай працы спрыялі добры настрой і выдатнае надвор’е. Барозны для пасадкі былі падрыхтаваныя загадзя, пасадачны матэрыял на месца даставілі.
Пасля кароткага інструктажу закіпела работа. Было бачна, што людзі атрымліваюць ад яе задавальненне. З дапамогай спецыяльнай прылады для пасадкі лесу, мяча Колесава, у грунце рабіліся спачатку невялікія выемкі, потым у іх акуратна апускаліся расткі.
Дарэчы, спецыяльная рыдлёўка незвычайнай падоўжанай формы шырока выкарыстоўваецца лесаводамі Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін Усходняй Еўропы. Яе ў 1883 годзе вынайшаў дырэктар Харкаўскага земляробчага вучылішча Аляксандр Колесаў.
Як аказалася, закладка плантацыі – не такая простая справа. Трэба строга вытрымліваць інтэрвалы паміж саджанцамі, а дрэўцы апускаць на пэўную глыбіню. І калі чалавек спрактыкаваны, работа спорыцца. Не прайшло і гадзіны, як юныя елкі перасяліліся на пастаяннае месца жыхарства.
— Усяго ў Красненскім лясніцтве сёлета плануецца пасадзіць 10 гектараў лесу, — гаворыць ляснічы Андрэй Каханоўскі. — У асноўным зялёны полаг прырасце каштоўнымі хвойнымі пародамі. На некаторых участках адбудзецца замена бярэзніку на сасновыя і яловыя лясы. Новыя плантацыі можна будзе высякаць не менш чым праз стагоддзе. Такім чынам, у Год малой радзімы на Маладзечаншчыне ствараецца багацце для будучых пакаленняў.
Вядучы паляўніцтвазнавец мясцовай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Іосіф Залуцкі дадаў, што лес з’яўляецца домам для многіх жывёл. У ім знаходзяць прытулак, харчуюцца, выво-
дзяць патомства шматлікія іх віды. Таму чым большую пло-
шчу займаюць лясы, тым багацей беларуская прырода.
Даведка. Традыцыйная экалагічная акцыя «Тыдзень лесу» сёлета прысвечана Году малой радзімы і аднаўленню масіваў, што пацярпелі ад шкоднікаў. У час акцыі ў Беларусі было высаджана 18 мільёнаў дрэў. Новыя лясы створаны на плошчы больш за 3,7 тысячы гектараў.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.