Новости Молодечно и Молодечненского района

З чым параўнаць твой погляд, Еўфрасіння? У ім такая глыбіня…

  • 2023-10-03 11:46:00
  • Людміла Цар

У стварэнні розных па стылістыцы, манеры і жанравай разнастайнасці карцін прынялі ўдзел прафесійныя мастакі з Беларусі, Расіі, Малдовы.

У час урачыстага адкрыцця экспазіцыі епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел сардэчна прывітаў прысутных, расказаў пра гісторыю нараджэння добрай справы. Пачынанне аказалася патрэбным Богу, геаграфія з кожным годам стала пашырацца, творчыя сувязі ўмацоўваліся. Яшчэ зусім нядаўна ўдзельнікаў было крыху больш за дзесяць, а цяпер дваццаць сем.

-- Гэты пленэр знакавы не толькі тым, што мы ўспамінаем нашых святых, царкоўных дзеячаў, якія заслужылі ўвагу дзяржавы і царквы. Мерапрыемства з’яўляецца дабрачынным. Сродкі ад продажу карцін ідуць на дапамогу дзецям з асаблівасцямі развіцця Івянецкага дома-інтэрната. Безумоўна, пра іх клапоціцца дзяржава, але дапамогі не бывае многа. І яна адрасная. Як кажуць, лепш дапамагчы аднаму, чым нікому, -- адзначыў епіскап Павел.

Уладыка выказаў спадзяванне, што такія мерапрыемствы будуць ладзіцца і ў іншых раёнах, прыносіць радасць людзям рознага ўзросту. Падзякаваў мастакам за працу, шчырыя памкненні. Кожны з іх быў адзначаны дыпломам за высокае прафесійнае майстэрства, прапаганду духоўна-эстэтычных каштоўнасцей і асабісты ўклад у рэалізацыю дабрачыннага праекта «Мастакі -- дзецям Лета».

У сваіх работах аўтары не толькі адлюстравалі асабістае бачанне навакольнага свету, але і падзяліліся з гледачамі сваімі эмоцыямі, пастараліся далучыць сучаснікаў да гістарычнай спадчыны, абудзіць цікавасць да знакамітых асоб, апець прыгажосць беларускага краю.

Першы намеснік старшыні райвыканкама Павел Губко зачытаў прывітальны адрас кіраўніцтва Маладзечанскага раёна. Падкрэсліў значнасць асобы нябеснай ахоўніцай зямлі беларускай. Еўфрасіння Полацкая пакінула незабыўную памяць у сэрцах людзей. Яе подзвіг на ніве духоўнасці і адукацыі атрымаў заслужанае прызнанне. Першая беларуская святая прапаведавала каштоўнасці дабра і міласэрнасці, працавітасці і самаадданага служэння Бог і блізкім. І праз стагоддзі мы адчуваем яе жывое хадайніцтва і дапамогу.

Традыцыйна ініцыятарам мерапрыемства з’яўляецца прыход царквы святой Еўфрасінні Полацкай у Івянцы, настаяцель якога протаіерэй Віктар Перагудаў па благаславенні епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла з’яўляецца духоўнікам пленэру. На пытанні журналіста «Маладзечанскай газеты» пра адметнасць гэтага, восьмага па ліку міжнароднага мастацкага пленэру айцец Віктар адказаў так:

-- Мы спалучылі вопыт знакамітых мастакоў і энергію студэнтаў акадэміі мастацтваў. У выніку ўбачылі тое, што выстава-вернісаж атрымалася вельмі высокага ўзроўню. Работы цесна аб’яднаныя тэмай любові да зямлі беларускай, павагі да яе святасці. На палотнах мы бачым святыя храмы, адчуваем малітву за Беларусь. Важна тое, што мастакі, якія раней не мелі дачынення да царквы, далучаюцца да духоўнасці. Мая задача як духоўніка пленэру дапамагчы знайсці чалавеку свой шлях да царквы.

Архімандрыт Афанасій Сакалоў, дацэнт, рэктар Мінскай духоўнай акадэміі, перадаў прывітанне ўдзельнікам мерапрыемства ад Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веньяміна. Адзначыў вялікую дзейнасць Маладзечанскай епархіі, якая спалучыла ў дабрачынным праекце мастацкі напрамак і сучаснае царкоўнае жыццё.

Сваімі меркаваннямі аб высокай місіі святароў служэння Богу і людзям падзялілася старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Святлана Чыжыкава, якая ўручыла епіскапу Маладзечанскаму і Стаўбцоўскаму Паўлу юбілейны медаль Беларускага фонду міру.

Радзіма для кожнага з нас -- святыня, якую мы любім, ганарымся, ствараем мастацкія шэдэўры, вершы і песні. Велічна прагучала песеннае прысвячэнне Еўфрасінні Полацкай у выкананні Вольгі Кохан.

Другой часткай вечарыны стала канцэртная праграма заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам дырыжора заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Рыгора Сарокі.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР.