Свой тавар прапаноўвалі суб’екты гаспадарання, індывідуальныя прадпрымальнікі, фермеры і рамеснікі з Маладзечанскага, Вілейскага, Валожынскага, Мядзельскага і іншых раёнаў вобласці. Сярод прадаўцоў былі нават госці з Віцебшчыны.
Найбольшай папулярнасцю ў пакупнікоў карыстаўся пасадачны матэрыял. Людзі выбіралі саджанцы і насенне, раіліся, як даглядаць расліны, што рабіць, каб атрымаць добры ўраджай. Не менш хадавым таварам былі бульба, буракі, капуста, цыбуля, яблыкі…
Актыўна куплялі таксама карпаў, вырашчаных у сажалцы ТАА «Цвецень». Па словах вадзіцеля-экспедытара Андрэя Вяршыцкага, рыба ў пост добра прадаецца. Папулярная яна і ў іншыя перыяды.
— Салёныя агуркі, грыбы, бярозавы сок, квас і іншыя прадукты вельмі добра захоўваюцца ў маіх бочках і кадках! — адзначыў рамеснік, член саюза майстроў Аляксандр Странкоўскі. — Прадметы для кухні або лазні вырабляю з дуба, бярозы, вольхі, ліпы. Выкарыстоўваю толькі народную тэхналогію. Яна экалагічная і правераная стагоддзямі.
Рамеснік адзначыў, што пакупнікі ўсё часцей выбіраюць прадметы з прыродных матэрыялаў.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.