Гэта праграма адна з нямногіх, якія прадугледжваюць капітальнае будаўніцтва. Фінансаванне адбываецца за кошт Еўрасаюза. Каб стаць яе ўдзельнікам, беларускім арганізацыям неабходна знайсці партнёраў у Польшчы або Украіне.
Акрамя журналістаў, у складзе беларускай дэлегацыі былі намеснік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Мікалай Кузьміцкі і намеснік галоўнага ўрача Гродзенскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Людміла Бут-Гусаім. Яны расказалі, як рэалізуецца праграма ў цэнтрах заходніх рэгіёнаў нашай краіны. Так, дзякуючы замежным інвестыцыям матэрыяльная база брэсцкіх ратавальнікаў папоўнілася дадатковай колькасцю спецабсталявання. Разам з украінскімі калегамі беларусы правялі шэраг мерапрыемстваў па прафілактыцы надзвычайных здарэнняў. А мэта праекта гродзенскіх медыкаў — прафілактыка і выяўленне на ранняй стадыі астэапарозу. Для гэтага ў горадзе над Нёманам ствараецца спецыяльны цэнтр.
Было чым пахваліцца і гаспадарам форуму. Напрыклад, у сталіцы Валыні ў рамках праграмы рэстаўрыруецца вежа Чартарыйскіх. Знаходзіцца яна недалёка ад замка Любарта – галоўнай славутасці горада. Пасля заканчэння рэстаўрацыі чакаецца павелічэнне колькасці турыстаў у рэгіёне.
Цікавым для журналістаў стаў візіт ва ўпраўленне Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Украіны ў Валынскай вобласці. Прыемна было ўбачыць у падраздзяленні беларускую тэхніку.
— Вашы МАЗы — сучасныя і надзейныя машыны, — падзяліўся ўражаннямі адзін з украінскіх ратавальнікаў. – Дзякуючы ім на Валыні выратавана многа жыццяў. Аўтамабілі магутныя, з высокай праходнасцю. Яны прыстасаваныя для выканання цэлага комплексу задач.
Дзеянне праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва распаўсюджваецца таксама на камунальную сферу. У рамках аднаго з праектаў у Луцку ўстаноўлена каля 600 энергазберагальных вулічных свяцільняў, 500 транспартных і пешаходных святлафораў, уладкаваныя веласіпедныя і пешаходныя дарожкі.
А куды можна накіравацца па зручных і бяспечных дарожках? Можа, у Луцкі заапарк? На рэканструкцыю гэтага аб’екта было выдзелена 1,36 мільёна еўра. У выніку заапарк стаў больш зручны для наведваль-
нікаў. Умовы ўтрымання жывёл наблізіліся да санаторных. Мінулай вясной у падапечных назіраўся сапраўдны бэбі-бум. Далі патомства нават многія «чырванакніжныя» віды. Дарэчы, дзякуючы праграме ў заапарку створаны цэнтр дапамогі хатнім і дзікім жывёлам. Такім чынам вырашана пытанне ўтрымання братоў нашых меншых, якія церпяць бедства.
Як бачыце, сэнс удзелу ў праграме ёсць. Тым больш што яе дзеянне падоўжана да 2027 года. Прэтэндаваць на фінансаванне могуць і арганізацыі з Маладзечаншчыны. Падрабязная інфармацыя размешчана на адпаведным сайце.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.