Адзначым, што названы комплекс быў уведзены ў эксплуатацыю восем гадоў таму. Даільная зала тут разлічана на 40 кароў. Кацельня працуе на паліўных пелетах. Механізацыя работ максімальная. Сухастойныя каровы летась былі пераведзены ў новае памяшканне. Вялікая ўвага надаецца ўмовам працы жывёлаводаў. Працуюць на аб’екце 22 чалавекі.
У час візіту мы сустрэліся з маладым спецыялістам намеснікам брыгадзіра комплексу Пятром Енацкім. Гэту пасаду ён заняў год таму пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
— Нарадзіўся я ў вёсцы, таму сельская гаспадарка блізкая і зразумелая мне сфера дзейнасці, — расказаў Пётр Уладзіміравіч. — А вось выбраць жывёлагадоўчы напрамак параіў брат маёй бабулі, вопытны ветэрынар. Параду скарыстаў, тым больш што даглядаць жывёлу мне падабаецца. У акадэміі вучыўся па накіраванні гаспадаркі.
На малочнатаварным комплексе абавязкі ў маладога спецыяліста самыя розныя. Ён вядзе дакументацыю, размяркоўвае кармы, кантралюе выкананне заданняў. Калектыў у асноўным мужчынскі. Усе да работы ставяцца адказна.
— З работнікамі комплексу працаваць прыемна, — падкрэсліў субяседнік. — З усімі ў мяне склаліся добрыя адносіны. Галоўнае, знайсці з людзьмі агульную мову, быць уважлівым і добразычлівым. Ад гэтага залежыць атмасфера ў калектыве, а значыць, і вытворчыя паказчыкі. Ды і на работу тады ідзеш з добрым настроем.
Галоўным у сваёй рабоце Пётр Енацкі лічыць арганізатарскія здольнасці, пастаяннае павышэнне кваліфікацыі, увагу да работнікаў, клопат пра сельскагаспадарчых жывёл.
У вольны час Пётр Енацкі падарожнічае па Беларусі. Ён захапляецца гісторыяй роднай краіны, краязнаўствам. Вялікае ўражанне на субяседніка пакінуў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А Віцебск ён лічыць адным з найбольш прыгожых гарадоў краіны: помнікаў і славутасцей там вельмі шмат.
— Перад Новым годам настрой у мяне і іншых работнікаў комплексу пазітыўны, — дадаў субяседнік. — Цудаў, як у дзяцінстве, ужо не чакаеш, але ёсць упэўненасць, што ўсе дасягненні і набыткі будуць замацаваныя і прымножаныя. Сярод іх рост надояў на адну ўмоўную галаву дойнага статка. Важна і тое, што ўсё малако на перапрацоўку пастаўляецца гатункам «экстра».
У ТЭМУ
Акцыя «Наш жывёлавод» праводзіцца ў Беларусі па ініцыятыве рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Яе мэта — падтрымаць жывёлаводаў, азнаёміцца з умовамі іх працы, павысіць прэстыж работнікаў жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, заахвоціць лепшых, вырашыць пытанні, якія паднімаюць людзі.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.