— Мая працоўная біяграфія пачалася адразу пасля заканчэння школы, — гаворыць Зінаіда Уладзіміраўна. – У гаспадарку прыйшла амаль 20 гадоў таму. Спачатку была паляводам. Потым працавала на каняферме. Апошнія дзевяць гадоў даглядаю цялят.
Калі прыходзіць на ферму, Зінаіда Уладзіміраўна ў першую чаргу аглядае сваіх падапечных, прыкмячае, як яны сябе адчуваюць, які ў іх настрой. Калі нешта не так, гаворыць пра гэта ветурачу або іншаму спецыялісту. Сваю «выхавальніцу» маладыя жывёлы пазнаюць адразу.
— З кожным годам умовы працы ў гаспадарцы паляпшаюцца, — гаворыць жывёлавод. – Ручных аперацый становіцца ўсё менш. Ды і на зарплату грэх скардзіцца. Даглядаць цялят мне падабаецца. Гэта будучы дойны статак, таму жывёлы павінны расці здаровымі. Толькі ў такім выпадку каровы будуць даваць шмат малака.
Зінаіда Садоўская зазначыла, што жывёлагадоўля ў «Палачанах» на высокім узроўні. Кармоў для жывёлы хапае, ёсць усе неабходныя кармавыя дабаўкі. Добра працуюць ветэрынарная і заатэхнічная службы. У выніку маладняк дае добрыя прывагі. А гэта непасрэдна ўплывае на заработную плату.
— На змену прыходзім разам з сяброўкай і калегай Тамарай Казловай, — дадала Зінаіда Уладзіміраўна. – Калі трэба, дапамагаем адна адной. Увогуле, калектыў у нас дружны. Людзі добразычлівыя. Працаваць з імі прыемна.
Зінаіда Садоўская пажадала жыхарам Маладзечаншчыны шанаваць працу вяскоўцаў. Менавіта дзякуючы ім на нашых сталах ёсць хлеб, сала, малако, іншыя прадукты.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.