Алена Расціславаўна пералічыла асноўныя напрамкі рэспубліканскай праграмы мерапрыемстваў у рамках Года малой радзімы. Гэта навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў, стварэнне максімальна камфортных умоў для пражывання, стымуляванне дзелавой актыўнасці грамадзян, забеспячэнне занятасці і самазанятасці, выхаванне ў моладзі любові да роднай зямлі і іншыя.
Сярод найбольш значных агульнарэспубліканскіх тэматычных кампаній мінулага го-
да — «Уладкуем малую радзіму», «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», «Збяры Беларусь у сваім сэрцы», «Упрыгожым Беларусь кветкамі», «Віртуальная фотазамалёўка «Мой родны край»…
Летась неабыякавыя жыхары нашай краіны высадзілі 25,7 мільёна дрэў, ачысцілі ад смецця 9,2 тысячы гектараў ляснога фонду. Навучэнцы ўстаноў адукацыі распрацавалі больш за 450 новых аглядных і тэматычных экскурсійных маршрутаў, стварылі звыш 300 работ, прысвечаных творчасці беларускіх паэтаў. Валанцёры добраўпарадкавалі 292 культавыя будынкі розных канфесій.
Мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы, прайшлі і на Маладзечаншчыне. Нашы землякі ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, наводзілі парадак ля помнікаў і памятных месцаў, арганізоўвалі тэматычныя выстаўкі і канцэрты, працавалі на суботніках.
На семінары таксама разглядаліся такія пытанні як рэалізацыя дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», работа камісій па супрацьдзеянні карупцыі, падрыхтоўка да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана.
Старшыня прэзідыума Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Валерый Альшэўскі падзякаваў калектывам прадпрыемстваў і арганізацый за дапамогу. Дзякуючы падтрымцы неабыякавых людзей харчовыя наборы, адзенне і іншыя рэчы летась атрымалі больш за тысячу жыхароў Маладзечаншчыны. Сярод іх ахвяры пажараў, інваліды, мнагадзетныя сем’і, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Найбольш значную дапамогу Чырвонаму Крыжу аказвалі філіял аграфірмы «Лебедзева», КУП «Маладзечнаводаканал», СП «Мінскі мэблевы цэнтр», Маладзечанскія электрасеткі, Палац культуры, установы аховы здароўя і адукацыі, Маладзечанскі малочны камбінат і іншыя суб’екты гаспадарання.