Ад горада засталася адна толькі назва. Згарэлі цэлыя вуліцы. Маладзечанцы вярталіся з надзеяй у родныя хаты, але іх ужо не было. Над высмаленай зямлёй маркотна тырчалі толькі печышчы, што засталіся ад спаленага жылля. А там далей, у раёне станцыі, высока ў гору ўздыбіліся скручаныя петлямі рэйкі.
— Я не баяўся ніякай працы, — успамінае Мікалай Іванавіч. – З дзяцінства разам з сястрой дапамагалі бацьку. Калісьці дзед выдзеліў яму хутар непадалёк ад Насілава з двума гектарамі ворыўнай глебы. Я паспяваў яшчэ хадзіць у школу і да вайны скончыў 5 класаў. Калі начальнік аддзела кадраў станцыі прачытаў заяву, здзіўлена паглядзеў на мяне і спытаў: «З хутара будзеш на работу хадзіць штодзень? Гэта ж толькі ў адзін бок восем кіламетраў! А зімой, калі замяце дарогу?.. Ведай, у нас ваенны час. Адно спазненне – і звольнім». «Я прызвычаены», — адказаў яму і задаволены пабег дадому.
На работу Мікалай ніколі не спазняўся. У складзе брыгады пуцявых рабочых прымаў актыўны ўдзел у аднаўленні чыгункі. Пасля фашысцкай акупацыі і ваенных дзеянняў гаспадарка была разбурана поўнасцю. У час адступлення ворагі спалілі будынкі паравозна-рамонтнага і вагона-рамонтнага дэпо, чыгуначную паліклініку, клуб, жылыя дамы, многія іншыя аб’екты. Каб хутчэй арганізаваць рух цягнікоў, працавалі нават ноччу. Бо днём нярэдка перашкаджалі налёты варожай авіяцыі.
Неўзабаве разбураныя ўчасткі чыгуначнага пуці былі адноўлены, і першыя цягнікі з ваеннай тэхнікай, харчаваннем пайшлі на захад. Людзі не лічылі сваю працу нечым гераічным, яна была звычайнай жыццёвай неабходнасцю.
Вайна яшчэ ішла. Мікалай разам з іншымі дапрызыўнікамі наведваў таксама спецыяльныя курсы, пасля заканчэння якіх яму была прысвоена воінская спецыяльнасць «вылічальнік артылерыйска-мінамётных часцей». На шчасце, веды не давялося прымяніць на практыцы. Вельмі патрэбны былі рабочыя рукі, каб прывесці народную гаспадарку ў парадак. На станцыі з’явіліся новыя будынкі, у адным з якіх размясціўся пункт абслугоўвання і рэгістрацыі хуткапсавальных грузаў.
Сюды перавялі працаваць вясковага хлопца.
— Ужо значна пазней з’явіліся спецыяльна абсталяваныя халадзільнымі ўстаноўкамі вагоны-рэфрыжэратары, — расказвае Мікалай Іванавіч. — А тады выкарыстоўваліся так званыя леднікі. З двух бакоў крытага металічнага вагона або зверху закладваўся лёд, і такім чынам унутры забяспечвалася неабходная тэмпература для перавозкі мяса, рыбы, агародніны, садавіны, іншых прадуктаў. Адной такой запраўкі ў летнія месяцы хапала звычайна на паўтара сутак. Калі прыходзілі леднікі, напрыклад, з Латвіі, Эстоніі, мы поўнасцю запраўлялі іх лёдам, бо там яго ўжо не было — раставаў. Ніякіх асаблівых механізмаў, акрамя ручной лябёдкі, не было. Лёд цягнулі па эстакадзе, зробленай з дошак, і закладвалі ў вагоны. Значна цяжэй было нарыхтоўваць яго зімой. Пілавалі ручнымі піламі, дзяўблі ламамі на Ушы, вадаёмах і на машынах дастаўлялі да нашага будынка, побач з якім перасыпаны пілавіннем лёд захоўваўся летам. Многія хлопцы не вытрымлівалі такой нагрузкі і зыходзілі.
Праз некалькі гадоў Мікалай Іванавіч узначаліў гэты ўчастак. За ўвесь час свайго кіраўніцтва ён ні разу не дапусціў, каб прадукцыя, якая накіроўвалася ў Ленінград, Маскву, іншыя гарады Савецкага Саюза, сапсавалася. За гэта неаднойчы
атрымліваў узнагароды і падзякі.
Заўсёды побач з ім была і жонка Міронія Фёдараўна. Як і ўсе жанчыны, працавала яна нароўні з мужчынамі. Такі быў час. І сённяшнія ветэраны аб гэтым не шкадуюць. Бо сваёй нястомнай працай яны таксама набліжалі гэты светлы, сонечны і доўгачаканы Дзень Перамогі.
Вячаслаў ТАБУЛІН.
Фота: АЎТАР і архіў РЭДАКЦЫІ.