Вось што расказала Таццяна Смолік, дырэктар цэнтра культуры і побыту аг. Гарадок:
З гісторыяй Гарадка я пачала знаёміцца, калі сем гадоў таму прыйшла працаваць у гісторыка-краязнаўчы музей. З нечага трэба было пачынаць, і я звязалася з дырэктарам Гістарычнай майстэрні г. Мінска дацэнтам гістарычнага факультэта БДУ Кузьмой Козакам. Расказала яму пра Гарадок, запрасіла ў госці, правяла па гістарычных месцах. Яму вельмі спадабалася вёска, уразіла трагедыя гарадоцкіх яўрэяў. У наступны раз ён прыехаў да нас разам з Вольгай Рэнш, дырэктарам Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Іаханэса Рау, які, як і Гістарычная майстэрня, з’яўляецца праектам Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра. Гэты візіт і паклаў пачатак нашаму сяброўству і супрацоўніцтву. Мы вырашылі стварыць таварыства «Сябры Гарадка», каб з дапамогай неабыякавых людзей сабраць як мага больш гістарычных сведчанняў пра багатую гісторыю нашай старажытнай вёскі. Многія адгукнуліся. Дапамагалі жыхары Гарадка, яго ўраджэнцы, якія жывуць у іншых месцах, студэнты гістарычнага факультэта БДУ. Агульнымі намаганнямі мы сабралі шмат цікавага матэрыялу, працягваем пошук і цяпер.
Як вынік гэтай работы ўзнікла ідэя правесці ў Гарадку міжнародны форум. Яго арганізацыю ўзялі на сябе Гістарычная майстэрня, Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр, падтрымаў нас Маладзечанскі райвыканкам. 21-22 чэрвеня 2014 года адбыўся першы Міжнародны форум «Гарадок і яго яўрэйскае мінулае». Гучалі цікавыя выступленні гісторыкаў, краязнаўцаў, працавалі секцыі па розных кірунках, а таксама майстар-класы па ганчарстве, саломцы, вышыванні. У кіназале былі паказаны цікавыя фільмы, у тым ліку і «Гарадок – 20-я гады».
Удзельнікі форуму выказалі ідэю праводзіць яго штогод у гэту трагічную для нашага народа дату, і яе ўсе падтрымалі. На мерапрыемстве прысутнічалі сведкі халакосту ў Гарадку Валянціна Мяцеліца, Ванда Калыска. 710 вяскоўцаў яўрэйскай нацыянальнасці былі расстраляны і спалены жывымі. 11 ліпеня 1942 года фашысты пагрузілі на грузавікі жыхароў Гарадоцкага гета і вывезлі на хутар ля вёскі Выдрычы, дзе ўчынілі страшнае злачынства. Многія вяскоўцы, асабліва старэйшае пакаленне, ведаюць аб гэтай трагедыі. Яны хацелі, каб у знак памяці аб загінулых, з якімі яны разам раслі, сябравалі, у Гарадку быў устаноўлены памятны знак. Разам з жыхарамі, а таксама супрацоўніцамі нашага музея Ганнай Бабовіч, Марыяй Жахавец мы вырашылі, што абавязкова паставім помнік у Гарадку, каб цяперашнія і будучыя жыхары вёскі памяталі пра страшную трагедыю.
Я расказала аб гэтым кіраўніцтву аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Тагачасны начальнік аддзела Аляксандр Рамановіч і загадчыца сектара культуры Тамара Дудзіч падтрымалі ідэю і адкрылі фінансаванне праекта. Падключылася і мясцовая сельгасгаспадарка «Беразіна-Аграпрадукт», якую тады ўзначальваў Аркадзій Луновіч. Вырашылі ўстанавіць памятны знак на месцы, дзе пачыналіся гета і дарога смерці. Вызначыліся і з канцэпцыяй: гэта павінен быць камень з мемарыяльнай дошкай. Аб’ездзілі ўсё наваколле ў пошуках валуна, пакуль нарэшце Аркадзій Луновіч не знайшоў унікальны камень у выглядзе разгорнутай кнігі. Старшыня Гарадоцкага сельскага Савета дэпутатаў Мікалай Верацейка арганізаваў рабочых, з дапамогай сельгаспрадпрыемства ўстанавілі памятны знак, выклалі камянямі дарожку, прымацавалі мемарыяльную дошку, афармленне якой узяў на сябе аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У добраўпарадкаванні тэрыторыі прынялі ўдзел жыхары Гарадка. Не ўсе верылі, што атрымаецца ўстанавіць помнік у знак памяці пра падзеі, сведак якіх амаль не засталося. Калі ўсё было зроблена, Алена Жахавец сказала: «Такое адчуванне, што душы загінулых сабраліся над гэтым месцам і глядзяць на нас з удзячнасцю». Ад гэтых слоў на сэрцы стала радасна і спакойна.
Адкрыццё памятнага знака адбылося ў час другога Міжнароднага форуму «Гарадок учора, сёння, заўтра» ў чэрвені 2015 года. Яшчэ раз шчыра дзякуем Аляксандру Рамановічу, Мікалаю Верацейку, Аркадзію Луновічу, Аляксандру Пішчаку, Івану Бабовічу, Юрыю Корчыку, Віктару Філону, Сяргею Стэфановічу, Раісе Камісаравай, Таліне Шыгідовіч і многім іншым людзям, якія нас пад-
трымалі. Цяпер, калі я праводжу экскурсіі па Гарадку, менавіта ля гэтага знака расказваю пра халакост. У час другога форуму прагучалі 150 прозвішчаў загінулых, вернутых з небыцця. Усе ўдзельнікі расчуліліся да слёз, калі супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Сяргей Старыкевіч пачаў называць іх імёны. Здавалася, час спыніў свой бег…
Летась прайшоў трэці Міжнародны форум «Гарадок і яго сябры: традыцыі, культура і памяць аб трагедыі», у час якога мы пасадзілі першую частку алеі Памяці. Каля цэнтра культуры і быту (так цяпер называецца наш музей) адбылося адкрыццё стэнда памятных месцаў Гарадка, які па ўласнай ініцыятыве стварылі валанцёры з Мінска пад кіраўніцтвам Аляксея Парошына.