Нагодай для мерапрыемства стала прэзентация праекта «Иппотерапия для эффективной реабилитации инвалидов». Рэалізоўваўся ён па праграме «Польская дапамога» і быў накіраваны на павышэнне турыстычнай прывабнасці былых «Паўночных Афін», а таксама ўкараненне ў Залессі новага віду паслуг.
Музею-сядзібе былі выдзелены 35 тысяч еўра. На гэтыя грошы закуплены пяцёра коней, карэта, сані і вупраж. Прычым коні для іпатэрапіі выбіраліся спецыяльных «лячэбных» парод. Яны будуць катаць як дарослых пацыентаў, так і дзяцей. Жывёлы валодаюць спакойным норавам і маюць рытмічную хаду. Два поні прызначаныя для забавы турыстаў.
— Залессе мае вялікае значэнне для народаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Італіі, — адзначыў саветнік пасольства Рэспублікі Польшча ў нашай краіне Аркадзіюш Сарна. — Сюды з кожным годам прыязджае ўсё больш турыстаў. Дзякуючы праекту гэта месца стане прывабным і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Як адзначыла дырэктар музея-сядзібы Людміла Градзіцкая, праект паспрыяе адраджэнню традыцыі конных прагулак у Залессі. У час, калі тут жыў аўтар паланэза «Развітанне з Радзімай», папулярнымі былі падарожжы вярхом або ў экіпажах па паркавых алеях. Акрамя таго, пры ўстанове культуры будуць створаны два рабочыя месцы (конюха і інструктара па іпатэрапіі).
Даведка.
Іпатэрапія — адзін з відаў лячэбнай фізкультуры, які прымяняецца як дадатковы метад рэабілітацыі пацыентаў з неўралагічнымі праблемамі, парушэннямі апорна-рухальнага апарата, а таксама з расстройствам псіхічнага характару.
Відовішчным у той дзень былі баявыя выпрабаванні рэканструктараў -- удзельнікаў конна-гістарычнага клуба «Залатая шпора»,
Як і ў часы Агінскага, быў арганізаваны баль, на які прыехалі шматлікія госці -- прадстаўнікі пасольства Польшчы ў Беларусі, паспаліты люд з Мінска, Маладзечна, Смаргоні, Астраўца, Залесся.
Акрамя танцаў, у праграме былі рамансы, інструментальная музыка, салонныя гульні, дабрачынны аўкцыён. Не абышлося без падарункаў. Ад ротары клуба «Мінск» музей атрымаў насценны гадзіннік, а Маладзечанскі дабрачынны фонд «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» перадаў адміністрацыі ўстановы культуры карціну з выявай залескай сядзібы аўтара паланэза.
Даведка. Залессе з’явілася на картах Беларусі ў канцы XV стагоддзя як невялікі прыватны фальварак. З XVIII стагоддзя яно становіцца ўласнасцю вядомага беларускага магнацкага роду Агінскіх. Спачатку Залессем валодаў віцебскі ваявода Марцыян Міхал Агінскі, а пазней — яго жонка і дзеці.
Выдатны палацава-паркавы комплекс у стылі барока быў збудаваны ў Залессі больш за 250 гадоў таму. Старыя пабудовы захаваліся і сталі арганічным дадаткам сучаснага архітэктурна-паркавага ансамбля.
Фота: Алег БЯГАНСКІ.
Поўны тэкст матэрыялу -- у "Маладзечанскай газеце" за суботу, 26.01.2019 г.