— У палявы сезон на інжынерную службу кладзецца дадатковая нагрузка, — гаворыць галоўны інжынер гаспадаркі Сяргей Макееў. – Перш за ўсё трэба, каб тэхніка не падводзіла. Для гэтага кожны дзень перад выездам на палеткі яна правяраецца, і выяўленыя непаладкі аператыўна ліквідуюцца.
За станам тэхнікі сочаць замацаваныя за ёю механізатары і вадзіцелі. Ім дапамагаюць профільныя спецыялісты. Рамонтныя і прафілактычныя работы выконваюцца на мехдвары. Калі трэба, рамонт праводзіцца ў полі.
Субяседнік адзначыў, што машынна-трактарны парк гаспадаркі пастаянна папаўняецца. Вось і нядаўна «ЯхімоўшчынаАгра» атрымала касілку, кормазмяшальнік, прэс-падборшчык.
Галоўны аграном гаспадаркі Алена Шаломская ўпэўнена, што асноўны ўклад у будучы ўраджай унясуць людзі. Аднак і надвор’е нельга скідваць з рахунку.
— Азімыя збожжавыя і рапс сёлета перазімавалі добра, — зазначыла Алена Сяргееўна. – Цяпер наша задача – дагледзець азімыя, падрыхтаваць глебу пад яравую сяўбу. Збожжавыя і зернебабовыя трэба пасеяць на 270 гектарах. Работы пачнуцца, калі зямля прагрэецца.
Субяседніца падкрэсліла, што глебы ў гаспадарцы сугліністыя, ўрадлівыя. Пры правільнай агратэхніцы сельскагаспадарчыя культуры даюць добры ўраджай. Хлебаробы гэта разумеюць, таму да даручанай справы ставяцца з душой. Каб восенню атрымаць важкі каравай, трэба падтрымаць работнікаў, ствараць для іх добрыя бытавыя ўмовы. У «ЯхімоўшчынеАгра» так і робяць.
Павел Базык – адзін з лепшых работнікаў у гаспадарцы. Ён асвоіў многія віды тэхнікі. Штогод на жніве на камбайне стабільна пакавае «тысячныя» вынікі. Цяпер на «Расе» Павел займаецца падкормкай сельгаскультур. За дзень апрацоўвае па 100-150 гектараў палёў.
— Усё што трэба, каб атрымаць высокі ўраджай, мы зробім, — сказаў Павел Рышардавіч. – Спадзяёмся на тэхніку, на свой вопыт і працавітасць. Праца хлебароба цяжкая. Аднак без яе нельга ўявіць сабе беларускую вёску.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.