Ваенны камісар Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў палкоўнік Аляксандр Мацецкі заўважыў, што служба ў арміі – абавязак кожнага беларускага юнака, калі ён здаровы, не вучыцца і не мае выключных асабістых абставін для адтэрміноўкі.
— Абсалютная большасць маладзечанскіх хлопцаў ставіцца да армейскай службы станоўча і адказна, — гаворыць Аляксандр Пятровіч. – Яны разумеюць, што гэта стане дадатковым бонусам у іх далейшым жыцці. Прычым не толькі для тых, хто задумваецца аб рабоце ў сілавых структурах. На прадпрыемствах, у арганізацыях таксама аддаюць перавагу людзям з армейскай загартоўкай, якія ведаюць, як уліцца ў калектыў, валодаюць навыкамі дзеяння ў камандзе.
Арганізуецца прызыўная кампанія раённым выканаўчым камітэтам і праводзіцца непасрэдна прызыўной камісіяй. У нашым ваенкамаце яе ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская.
— З усёй адказнасцю скажу, што медагляд прызыўнікоў праводзіцца дасканала. Нярэдка менавіта на медкамісіях выяўляюцца хваробы, часам цяжкія, пра якія не ведалі прызыўнікі і бацькі. Дарэчы, калі стрэлкі на вагах здароўя спыніліся паміж адзнакамі годны да службы альбо не, перавага аддаецца апошняму варыянту, бо паўнавартасна несці воінскую службу можа толькі здаровы чалавек, — працягвае Аляксандр Мацецкі, які таксама з’яўляецца членам прызыўной камісіі.
Яе прадстаўнікі асабіста пагаварылі з кожным патэнцыяльным салдатам. Юнакі найчасцей пытаюцца, куды іх адправяць на службу, аб спецыфіцы воінскай часці, фарміравання, ці ўлічваецца прафесія (калі яна ўжо ёсць) і ці будзе запатрабаванае вадзіцельскае пасведчанне. Пераважная большасць маладзечанскіх прызыўнікоў 18-23 гадоў.
Ім нагадалі аб тым, што ўхіленне ад тэрміновай армейскай службы караецца законам. Нельга ігнараваць павесткі з ваенкамата нават калі дадзена адтэрміноўка.
Фота: Ірына РАБУШКА.