Мероприятие было посвящено награждению лучших коллективов и представителей агропромышленного комплекса, производственной и социальной сферы Молодечненского района, занесенных на районную Доску почета.
***
У мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, дэпутацкага корпуса, кіраўніцтва раёна, ганаровыя грамадзяне, ветэраны працы, прафсаюзныя актывісты, госці з гарадоў-пабрацімаў Рэспублікі Польшча, а таксама з Мінскага, Стаўбцоўскага, Вілейскага, Валожынскага раёнаў.
Урачыстаму пасяджэнню папярэднічала выстаўка-прэзентацыя, што разгарнулася ў фае Палаца культуры. Тут можна было ацаніць асартымент вырабаў прадпрыемстваў горада і раёна, прадэгуставаць прадукцыю, азнаёміцца з дзейнасцю ўстаноў культуры і адукацыі. Экспазіцыя давала ўяўленне аб дасягненнях Маладзечаншчыны, паказвала высокі ўзровень развіцця сацыяльнай сферы.
Адзін з найбольш яркіх падворкаў арганізаваў Маладзечанскі хлебазавод. Ад багацця прадукцыі, як кажуць, разбягаліся вочы.
-- Наш калектыў шчыра віншуе пераможцаў спаборніцтва за права быць занесеным на раённую Дошку гонару, -- адзначыла маркетолаг аддзела маркетынгу і збыту хлебазавода Ірына Мацейчык. – Сярод лепшых ёсць і цеставод хлебнага ўчастка Іна Кульбака. Мы ведаем, што галоўнае ў любой справе -- чалавечы рэсурс. Таму хлебапёкі пастаянна павышаюць кваліфікацыю, асвойваюць перадавыя тэхналогіі, распрацоўваюць арыгінальную рэцэптуру, паспяхова ўдзельнічаюць у айчынных і міжнародных выстаўках, семінарах і майстар-класах.
Ля стэнда Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў удзельнікаў і герояў урачыстасці частавалі смачнымі блінамі з маладзечанскай мукі.
– Хлебаробы зрабілі ўсё магчымае, каб стварыць сыравінную базу для вытворчасці мукі, круп, іншых вырабаў, -- падкрэсліла намеснік дырэктара камбіната па камерцыйнай і знешнеэканамічнай дзейнасці Марыя Інкіна. -- Не падвёў і наш калектыў. У выніку спажыўцы забяспечаныя якаснай прадукцыяй, на камбінаце расце экспарт, прадпрыемства працуе з прыбыткам.
Ёсць чым ганарыцца і калектыву Маладзечанскага малочнага камбіната. На айчынных і міжнародных конкурсах прадукцыя прадпрыемства не раз заваёўвала медалі рознай вартасці. Сярод найбольш значных дасягненняў – перамога ў конкурсе па імпартазамяшчэнні.
-- Прадукцыю камбіната добра ведаюць спажыўцы не толькі Беларусі, -- паведаміла начальнік аддзела забеспячэння і маркетынгу Анжэла Шабуня. – Экспартныя пастаўкі ажыццяўляюцца ў Расію, Украіну, Казахстан, Кыргызстан. Летась сухая малочная сыроватка адгружалася ў Кітай і Японію.
Словы падзякі лепшым спецыялістам, тым, хто ўнёс найбольшы ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Маладзечаншчыны, выказаў са сцэны Палаца старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў.
-- Мінулы год адзначыўся для раёна многімі дасягненнямі, -- сказаў у сваім выступленні Юрый Мікалаевіч. – Стабілізавалася сітуацыя на рынку працы, знізіўся ўзровень беспрацоўя. Вырасла вытворчасць прамысловай прадукцыі, павялічыўся экспарт. Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, аграрыі ў поўным аб’ёме выканалі дзяржзаказ па пастаўках збожжа. Яны ўнеслі значны ўклад у рэспубліканскі каравай. Вялікая ўвага надавалася добраўпарадкаванню тэрыторыі і навядзенню парадку на зямлі. Узводзілася новае жыллё. Многае рабілася ў галіне адукацыі і аховы здароўя. Горад быў і застаецца сэрцам культурнага жыцця цэнтральнага рэгіёна. Маладзечна годна адзначыла 630-годдзе з дня заснавання, атрымала ганаровае званне «Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам». Маладзечаншчына ўваходзіць у пяцёрку валаўтваральных раёнаў Мінскай вобласці.
З працоўнай перамогай удзельнікаў урачыстасці павіншавалі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Хмель, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Таццяна Яцухна, а таксама госці з Польшчы і суседніх раёнаў Мінскай вобласці.
Пад гучныя апладысменты на сцэну выходзілі лаўрэаты намінацыі «Бацькоўскі гонар» - бацькі разам з дзецьмі. І гэта не дзіўна, бо ад годнага выхавання падрастаючага пакалення залежыць будучыня раёна, вобласці, роднай Беларусі.
Падарункам удзельнікам урачыстасці стаў канцэрт творчых калектываў.
Чым адметны быў мінулы год?
Дзмітрый МІХАЛОЎСКІ, трактарыст-машыніст ААТ «Заскавічы»:
-- Умовы надвор’я летась былі складаныя. Аднак разам з калегамі мы своечасова правялі пасяўную кампанію, хутка і без страт убралі ўраджай. Гэтым даказалі, што дзякуючы працавітасці, прафесіяналізму і зладжанасці людзей можна пераадолець любыя цяжкасці.
Ігар САКАЛОЎСКІ, ювелір 5-га разраду ўчастка па рамонце і вытворчасці ювелірных вырабаў ААТ «Завод Рэмбыттэхніка»:
-- Як заўсёды, адчуваў вялікую адказнасць перад заказчыкамі. А яшчэ падвышаў кваліфікацыю. Усе вырабы, якія ствараю, унікальныя. Таму трэба трымаць марку, не падводзіць кліентаў і калектыў.
Аксана МАРОЗ, загадчыца склада ЗАТ «Струм»:
-- Канчатковы вынік працы ўсяго прадпрыемства залежыць ад дзейнасці кожнага падраздзялення. І склад тут не выключэнне. Таму старанна выконваю прафесійныя абавязкі, асаблівую ўвагу звяртаю на якасць прадукцыі, якая паступае на захоўванне. Так было і ў 2018 годзе.
Юлія БЯССОНАВА, стараста аграгарадка Аляхновічы:
-- Па родзе дзейнасці мая першачарговая задача – дапамагаць людзям вырашаць злабадзённыя пытанні, імкнуцца, каб населены пункт развіваўся дынамічна, быў прыцягальны і камфортны для жыхароў. Так, летась пасля хадайніцтва было вырашана пытанне аб капітальным рамонце школы. Адпаведныя работы ўнесены ў план.
Таццяна ПОЛАЗ, аператар машыннага даення ААТ «Усход-Агра»:
-- Летась у мяне былі добрыя вытворчыя паказчыкі. З заданнямі справілася выдатна, за што і была адзначана. Дарэчы, на раённую Дошку гонару маё імя заносіцца не ў першы раз. У гэтым вялікі ўклад усяго калектыву.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.
Фото: Алексей ПЛОТКО.