Як успрыняў новаўвядзенні калектыў і на што робіцца стаўка на прадпрыемстве — пра гэта і не толькі расказаў яго генеральны дырэктар Сяргей Сабалеўскі .
Праз Польшчу і Германію ў Маладзечна
Сяргея Уладзіміравіча застаць у кабінеце амаль немагчыма. Часцей ён знаходзіцца на вытворчасці альбо па рабочых справах едзе ў сталічныя ведамствы і ўстановы, дзе праводзіцца афармленне неабходных дакументаў па аднаўленні прадпрыемства, падпісваюцца дагаворы на перспектыўнае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі. Аналагічны вопыт работы ў яго ўжо ёсць. У Польшчы наш суайчыннік (родам ён з Мінска) падняў не адну вытворчасць, у тым ліку па вырабе сувенірнай прадукцыі.
Дарэчы, па прафесіі Сяргей Уладзіміравіч эканаміст, адпаведную адукацыю набыў у Варшаве ў прэстыжным універсітэце Лазарскага. Менавіта з гэтай краінай, а яшчэ з Германіяй звязана яго працоўная дзейнасць на працягу апошніх дваццаці гадоў. Многія замежныя прадпрыемствы, з якімі ён меў справу, плённа супрацоўнічалі з беларускімі. Сяргей Уладзіміравіч дасканала вывучыў лёгкую прамысловасць, у тым ліку выраб тэкстыльных сувеніраў, швейную вытворчасць, нават асвоіў мадэліраванне адзення.
Падставы для банкруцтва няма
Назва новай вытворчасці невыпадковая.
— На працягу многіх гадоў у горадзе праводзіўся тэатральны фестываль «Маладзечанская Сакавіца», вядомы на ўсю рэспубліку. На жаль, гэта прыгожая і адметная традыцыя страчана. Але яна натхніла на тое, каб у горадзе з’явіўся новы брэнд – адначасова вытворчы і творчы (без гэтага складальніка ў вырабе нашай прадукцыі немагчыма), — тлумачыць Сяргей Уладзіміравіч.
Пакуль праводзіцца рамонт і мадэрнізацыя прадпрыемства, вытворча-творчыя работы прыпынены.
Пераважная большасць калектыву з 1 студзеня да 31 сакавіка знаходзіцца ў водпуску, работнікі атрымліваюць 2/3 ад сярэдняга заробку.
— Гэта неабходна для таго, каб прадпрыемства не працавала «на склад» і быў час выплаціць вялікія даўгі. Падставы для банкруцтва вытворчасці няма. Мяркую, што на працягу года яна выйдзе з заняпаду, — працягвае кіраўнік.
На прадпрыемстве будуць захаваныя беларускія традыцыі ручной вышыўкі і сувенірнай прадукцыі. Сыравіна таксама застанецца ранейшай – айчынны лён. Хіба толькі дагаворы на яго пастаўку будуць заключацца непасрэдна з вытворцам, а перавагу аддадуць Аршанскаму льнозаводу.
Генеральны дырэктар ЗАТ «Сакавіца» Сяргей Сабалеўскі (справа) разам з калегамі Наталляй Капцюг (спецыяліст вытворчасці), Сяргеем Люлевічам (начальнік цэха па вырабе свечак) і Юліяй Акушэвіч (старшыня прафсаюза, таваразнавец).
Страціць традыцыю нельга
— Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў адзіная на постсавецкай прасторы мае такія багатыя традыцыі, якія захоўваліся на працягу 60 гадоў. Страціць гэты кірунак лёгкай прамысловасці і наогул від рамяства няправільна. У Еўропе і на Захадзе ручных вырабаў практычна няма, усё даўно механізаванае. Таму такую прадукцыю вельмі цэняць, у чым я пераканаўся на ўласным вопыце, — заўважае Сяргей Уладзіміравіч.
Кіраўнік спадзяецца, што з першага мая вырабы ад «Сакавіцы» ў поўнай меры ацэняць і беларускія спажыўцы. Да гэтай даты новая прадукцыя ў шырокім асартыменце з’явіцца ў гандлёвай сетцы краіны, якую плануюць развіць і ў нашым раёне. Распрацаваны ўжо дзесяць новых калекцый. Ёсць дамоўленасць аб супрацоўніцтве з буйнымі расійскімі і польскімі кампаніямі. Вядзецца работа з Германіяй. Дарэчы, нядаўна ў нямецкім Франкфурце-на-Майне на адной з выставак лёгкай прамысловасці была прадстаўлена прадукцыя «Сакавіцы». Іншаземцы засталіся ў захапленні, асабліва ад вялікіх абрусаў з ручной вышыўкай.
Услед за светам
— Попыт на тавары на замежным і айчынным рынках адрозніваецца. Беларусы аддаюць перавагу дробным сувенірам і вырабам накшталт камплектаў сурвэтак, фартухоў. Іншаземцы любяць рабіць пакупкі маштабныя. Хутчэй за ўсё гэта звязана з фінансавымі магчымасцямі, — гаворыць субяседнік. – Мода на колеры, расфарбоўку, аздабленне і ўпрыгожванне прадукцыі таксама адрозніваецца. Заканадаўцам тут лічыцца Швецыя. Таму каб заваяваць замежны рынак, трэба вывучаць модныя тэндэнцыі і прытрымлівацца іх, што і будзе рабіць «Сакавіца». Напрыклад, цяпер у трэндзе спакойныя колеры, асабліва брудна-ружовы, а таксама геаметрычныя малюнкі. Адышлі ў мінулае кветкавыя ўзоры і махры. Ёсць мода і на пасцельную бялізну: гэта найперш тычыцца завязак, якія прыйшлі на змену гузікам і заклёпкам.
Кіраўніцтва вытворчасці праводзіла перагаворы з папулярнымі артыстамі і мастакамі па запуску аўтарскіх калекцый або асобных вырабаў пад іх іменем. Прадстаўнікоў творчага цэха гэта зацікавіла.
Ад некаторых вытворчых кірункаў на «Сакавіцы» адмовіліся. Напрыклад, ад афарбоўвання тканіны з прымяненнем сінькі і воцату (гэты працэс з’яўляецца шкодным для здароўя работнікаў). Затое ўпэўнена ўваходзяць ІТ-тэхналогіі. Усе схемы і выкрайкі прадукцыі будуць захоўвацца не толькі на кальцы, але і ў камп’ютарах. Таксама работнікі пакрысе асвойваюць праграмы, пры дапамозе якіх можна распрацоўваць новыя віды прадукцыі, яе аздабленне.
Па благаславенні Тадэвуша Кандрусевіча
З пачатку года на прадпрыемстве запушчаны цэх па вырабе свечак для правядзення каталіцкіх рытуалаў і абрадаў. Іх вытворчасць ажыццяўляецца па благаславенні архіепіскапа-мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Адпаведнай прадукцыяй забяспечваюць беларускія касцёлы. Дарэчы, свечкі майстрыхі распісваюць таксама ўручную. Сыравіна выкарыстоўваецца пераважна са Свіслацкага горнага васковага завода.
Сяргей Уладзіміравіч гаворыць, што спачатку калектыў насцярожана ўспрыняў пераўтварэнні і новаўвядзенні. На прадпрыемстве засталіся тыя, хто паверыў у новае жыццё вытворчасці, хто гатовы працаваць і самаўдасканальвацца ў прафесіі. Важным у рабоце стала веданне замежных моў, асабліва для спецыялістаў сферы маркетынгу. Кіраўнік перакананы, што ў прасоўванні новага брэнда за мяжой інакш немагчыма. А экспарт — важкі складальнік поспеху прадпрыемства. Дарэчы, сам генеральны дырэктар свабодна валодае польскай, англійскай і нямецкай мовамі. Наогул, кіруецца ў рабоце і ў жыцці двума дэвізамі: «вочы баяцца, а рукі робяць» і «калі ўцякаць, то толькі… наперад».