Новости Молодечно и Молодечненского района

Ушанавалі маладых камбайнераў-«тысячнікаў»

  • 2023-08-16 05:33:36
  • Алег Бяганскі

-- Сёлета жніво для мяне ў якасці камбайнера першае, -- адзначыў Яўгеній Баркар. -- У цэлым уражанні выдатныя. Работа падабаецца. Адносіны да работнікаў таксама. Так, гаспадарка забяспечыла жыллём маю сям’ю. Разам з жонкай мы гадуем дваіх дзяцей. Такая падтрымка вельмі каштоўная для нас. Грошы, заробленыя ў час уборачнай, будуць патрачаны на патрэбы дзяцей.

Пра камандзіра камбайнавага экіпажа Генадзія Серафімовіча субяседнік выказаўся з вялікай павагай. І гэта невыпадкова. Генадзій Іванавіч вопытны спецыяліст. Яго парады вельмі каштоўныя для прафесійнага росту. Таму тое, што разам хлебаробы перавысілі на ўборачнай тысячны рубеж, цалкам заканамерна.

-- Сваім памочнікам задаволены, -- заўважыў старшы камбайнер. -- Ён працавіты, усё схоплівае імгненна. Вучыцца хутка. Не трэба траціць час на тлумачэнні. А ў час уборачнай кожная мінута на вагу золата.

У працоўнай біяграфіі Дзмітрыя Вайніловіча ўборачная гэтага года пятая. Раней ён працаваў у Селеўцах. Арганізацыяй кампаніі работнік задаволены.

-- Ганаруся, што стаў «тысячнікам», -- гаворыць малады чалавек. -- Калі ведаеш, што рабіць, і ёсць настрой -- усё складваецца выдатна. Дзякую камандзіру экіпажа Сяргею Кавалевічу за дапамогу. Ён сапраўдны прафесіянал і выдатны настаўнік. Наша «тысяча» -- гэта агульная перамога.

Як падкрэсліла Вераніка Ленец, праект «Моладзь -- за ўраджай» стаў у Беларусі традыцыйным. Праводзіцца ён у час жніва і ахоплівае камбайнераў і вадзіцеляў. Пераможцамі становяцца тыя, хто першымі занялі прызавыя месцы ў працоўным спаборніцтве па выніках уборачнай кампаніі.

-- Мэта праекта -- павышэнне прадукцыйнасці працы маладых работнікаў вёскі, занятых на ўборцы ўраджаю, -- зазначыла субяседніца. -- Важна заахвочваць ініцыятыву моладзі, папулярызаваць сельскагаспадарчую працу. Калі маладыя перадавікі жніва адчуваюць увагу да сябе, гэта стымулюе іх працаваць яшчэ лепш. Спрацоўвае азарт, імкненне быць першымі ва ўсім.

У ТЭМУ. Калі мы прыехалі ў гаспадарку, жніво там практычна завяршылася. Трэба было ўбраць апошнія 17 гектараў збожжавых. Аднак да завяршэння палявых работ аграрыям яшчэ вельмі далёка.

-- У цэлым уборачная склалася ўдала, -- паведаміў начальнік сельскагаспадарчага ўчастка ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» Тадэвуш Зарэцкі. -- Гэтаму садзейнічала папярэдняя падрыхтоўка да яе. Загадзя былі прыведзены ў парадак камбайны, іншая тэхніка. Спецыялісты настроіліся на плённую працу.

Тадэвуш Мечыслававіч падкрэсліў, што на ўраджайнасць сёлета паўплывала вясновая і летняя засуха. Увесь вырашчаны ўраджай трэба было захаваць, не дапусціць, каб зярняты з каласоў выпалі або сапсаваліся. З улікам гэтага вызначаўся час пачатку ўборкі кожнай культуры. Спачатку быў убраны рапс, затым ячмень. Завяршыла кампанію ўборка пшаніцы. Пас ля гэтага два камбайны з экіпажамі накіраваны на дапамогу калегам з Дубрава.

-- Палявыя работы ў гаспадарцы прадоўжацца, -- дадаў субяседнік. -- Сярод іх пасеў азімых культур, уборка саломы з палёў, корманарыхтоўка. Два ўкосы зялёнай масы ўжо выкананы. Вядзецца падрыхтоўка да трэцяга ўкосу. А на палях з люцэрнай прадугледжаны яшчэ і чацвёрты.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.