— У першачарговым парадку вядзецца ўборка люцэрны, — расказаў дырэктар гаспадаркі Уладзімір Лазар. — Пад гэту культуру адведзена 210 гектараў. Сёлета да іх дадасца яшчэ 60. Пасля першага ўкосу падкормліваем расліны азотнымі ўгнаеннямі. Гэта гарантуе другі паўнавартасны ўкос. Усяго з люцэрнавых палёў плануем атрымаць чатыры ўкосы.
Субяседнік адзначыў, што традыцыйна добра сябе паказвае аўсяніца. Яна высяваецца на меліяраваных тарфяніках. Перавага культуры ў тым, што яна змацоўвае глебу. Гэта дае магчымасць выкарыстоўваць магутную тэхніку. У выніку ў гаспадарчы абарот уцягваюцца дадатковыя плошчы, павялічваецца кармавая база для грамадскага статка.
— Пасеяна аўсяніца на 400 гектарах, — удакладніў кіраўнік гаспадаркі. — Закладзена насенная плантацыя гэтай культуры. Некаторая колькасць насення рэалізуецца іншым сельскагаспадарчым прадпрыемствам. З аўсяніцы атрымліваецца выдатнае сена. Захоўваецца яно ў палімернай упакоўцы і ідзе на корм буйной рагатай жывёлы. Яшчэ адна важная кармавая культура, кукуруза, займае 450 гектараў (400 – на зялёны корм, 50 — на зярняты).
Маштабы нарыхтоўкі «зялёных кансерваў» для жывёл з кожным годам растуць. Ствараецца пераходны запас кармоў. Ён патрэбен, бо колькасць буйной рагатай жывёлы ў «Яхімоўшчыне» плануецца павялічыць. Цяпер дойны статак складае больш за 760 галоў. У планах выйсці на 1000.
— У корманарыхтоўцы задзейнічана розная спецыялізаваная тэхніка, — дадаў Уладзімір Лазар. — На палях працуе корманарыхтоўчы камбайн «Палессе», граблі-варушылкі. Перавозяць зялёную масу чатыры адзінкі тэхнікі. Плячо перавозкі не перавышае кіламетра. Гэта дазваляе праводзіць кампанію ў максімальна кароткія тэрміны, эканоміць гаруча-змазачныя матэрыялы, іншыя рэсурсы. Акрамя таго, ёсць магчымасць частку тэхнікі накіроўваць на іншыя работы.
Сярод перадавікоў корманарыхтоўкі Уладзімір Вячаслававіч выдзеліў Алега Ціхановіча, Мікалая Жардзецкага (за ім замацавана некалькі адзінак тэхнікі), Мікалая Барана (ён задзейнічаны на трамбаванні зялёнай масы), Уладзіміра Голуба, які кіруе корманарыхтоўчым камбайнам, іншых работнікаў.
З адным з вопытных спецыялістаў, Сяргеем Казлоўскім, мы пазнаёміліся на полі. Механізатар адвозіў зялёную масу да сянажнай траншэі. Замацаваны за ім і прэс-падборшчык з абмотчыкам рулонаў. Тэхніка складаная, камп’ютарызаваная.
На корманарыхтоўцы Сяргей Аляксандравіч плануе нядрэнна зарабіць. А грошы ён патраціць на сям’ю — з жонкай гадуюць дзвюх дачок (2 і 9 гадоў) і чатырохгадовага сына.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.