Новости Молодечно и Молодечненского района

Уменне трымаць слова — галоўная якасць кіраўніка

  • 2020-09-02 12:10:43
  • Алег Бяганскі

— Нашы працаўнікі завяршылі жніво аднымі з першых у раёне, — падзяліўся Уладзімір Карась. — Вынікі ўборачнай кампаніі можна ацаніць як добрыя. Усяго збожжавых і зернебабовых намалочана каля 5500 тон. Сярэдняя ўраджайнасць склала 57,4 цэнтнера з гектара. Тэхніка не падводзіла, уборцы спрыяла надвор’е. Але вырашальны ўклад у хлебны каравай унеслі людзі. Чатыры камбайнавыя экіпажы пераадолелі тысячную планку ў намалоце збожжа. Больш за тысячу тон збожжа вывезлі з палёў чатыры вадзіцелі.

Субяседнік падкрэсліў, што высокая ўраджайнасць была дасягнута дзякуючы многім фактарам, сярод якіх і добрая арганізацыя працы. Усе работнікі дзейнічалі як адна каманда. Даведзеныя заданні выконваліся тэрмінова і якасна.

Вялікую ролю адыгралі таксама інавацыйныя падыходы да вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Так, у гаспадарцы пачалі высейваць элітны сорт азімай пшаніцы нямецкай селекцыі «Плацінэ». Ён даў 67,5 цэнтнера з гектара. Тры гады таму ў гаспадарцы ўвялі ў севазварот яравы рапс. Эксперымент сябе апраўдаў. Цяпер гэта культура дае значную прыбаўку да выручкі.

— У структуры збожжавага палетка прыярытэт аддаецца азімым культурам, – заўважыў Уладзімір Карась. — Займаюць яны 650 гектараў з 950-ці, адведзеных пад збожжавыя. Такі падыход эканамічна апраўданы. Яшчэ ў гаспадарцы вырошчваюцца цукровыя буракі, ячмень, кармавыя культуры. План па пастаўках у кошт дзярж-закупак паспяхова выконваецца.

Хаця жніво завершана, адпачываць хлебаробам няма калі. Нездарма кажуць: «Восень — спраў восем». Менавіта цяпер закладваецца аснова пад будучы ўраджай. «Селеўцы» першымі ў раёне пасеялі азімы рапс. Хуткімі тэмпамі разгарнулася сяўба азімай пшаніцы. Праводзяцца іншыя агратэхнічныя мерапрыемствы.

Планы на наступны сезон – дасягнуць намалоту збожжавых і зернебабовых у 6 тысяч тон. Раней аграрыі такую планку бралі, таму спадзяванні стаць «шасцітысячнікамі» цалкам апраўданыя.

— Калі чалавек нясе адказнасць перад зямлёй, ён працуе сумленна. А яшчэ важна справядлівае стаўленне да работнікаў. Тады і вынікі будуць адпаведныя, — адзначыў Уладзімір Карась.

З гэтым згодныя аграрыі «Селеўцаў». З сезона ў сезон яны занятыя адной з найбольш высакародных спраў. І менавіта ад такіх людзей залежыць харчовая бяспека беларусаў.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.