Новости Молодечно и Молодечненского района

Уладзімір Апаленіс: «Прафесіі, як і радзіме, трэба быць верным»

  • 2017-07-28 11:26:58
  • Ірына Рабушка


У пачатку шляху
… Уладзімір Апаленіс у медыцыне больш за 30 гадоў. З яго радні ў гэтай галіне ніхто не працуе. Хіба толькі мама была санітаркай, а тата загадчыкам па гаспадарчай часці ва ўчастковай бальніцы ў яго родных Ліпнішках. У выбары прафесіі Уладзімір аказаўся настойлівым: з першага разу не паступіў у Гродзенскі медінстытут (крыху не хапіла балаў), а на наступны год ажыццявіў сваю мару.

— Прафесіі, як і радзіме, трэба быць верным на працягу ўсяго жыцця, — заўважае ён. – Дарэчы, абсалютна ўсе мае аднакурснікі замацаваліся ў медыцыне, некаторыя дасягнулі пэўных вышынь у прафесіі, займаюць кіруючыя пасады. Да гэтага часу мы ладзім вечары сустрэч. Сёлета таксама збяромся і ўжо разам з унукамі.

Наогул, ва Уладзіміра засталіся самыя светлыя ўспаміны аб студэнцтве.
— У маёй групе не было ніводнага… сур’ёзнага студэнта, нягледзячы на тое, што вучыліся мы добра. Заўсёды знаходзілі час на розыгрышы як равеснікаў, так і выкладчыкаў. Напрыклад, ручкі дзвярэй суседніх кабінетаў звязвалі. А, бывала, уначы прачнёмся, святло ў студэнцкім пакоі ўключым і нібыта збіраемся на вучобу. Астатнія ад шуму прачынаюцца, таксама спрасонку апранаюцца. І хутчэй у інстытут! А мы чакаем, што будзе далей…
У студэнцтве Уладзімір стварыў сваю сям’ю. Разам з жонкай Ірынай яны выгадавалі дваіх сыноў, дачакаліся траіх унукаў. Дарэчы, вяселле таксама было студэнцкім – у будатрадзе на вытворчасці ля Ліды. Адзначалі яго з панядзелка па сераду. Ужо шмат гадоў Уладзімір і Ірына побач не толькі дома, але і на рабоце. Жонка, гісторык па адукацыі, працуе ў каледжы метадыстам.

«Маладзечна: 40 км»
На Смаргоншчыне, калі Уладзімір таксама быў студатрадаўцам, упершыню завочна «пазнаёміўся» з нашым горадам. Неяк на абочыне дарогі ён убачыў знак «Маладзечна: 40 км». Тады студэнт яшчэ не ведаў, што лёс прывядзе яго ў гэты край.

Пасля праходжання інтэрнатуры ў Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы маладога спецыяліста накіравалі ў Маладзечна. Размеркаванне яго не вельмі радавала — амбіцыйны пачынаючы ўрач марыў быць хірургам, а яго адправілі ў афтальмолагі ў паліклініку.

— У інстытуце няшмат часу адводзілася на асваенне афтальмалогіі. Таму я зноў пачаў вучыцца – як самастойна, так і ў старэйшых калег. Асабліва дапамагла Марыя Шакура – урач, якога добра ведаюць у нашым раёне і якой удзячныя многія пацыенты.

Хутка ўрач Апаленіс і сам стаў прыкладам у рабоце для сваіх калег. Ён і кансультаваў пацыентаў, і праводзіў аперацыі. Але самая працяглая з іх усё ж была ў клінічнай ардынатуры і супала з начным дзяжурствам. У бальніцу прывезлі траіх мужчын са шматлікімі траўмамі, у тым ліку вачэй. Як аказалася, гэта былі браканьеры, якія здабывалі рыбу пры дапамозе току і пацярпелі самі. Уладзіміру Апаленісу давялося аперыраваць іх з апоўначы да сямі гадзін раніцы.

… Дзень за днём у працоўных клопатах праляцелі пятнаццаць гадоў. Дарэчы, у канцы 1980-х ён рыхтаваўся паехаць у Афрыку — тады Міністэрства аховы здароўя нярэдка адпраўляла на спякотны кантынент савецкіх урачоў для таго, каб яны падзяліліся вопытам з калегамі з іншых краін і самі маглі ўдасканаліцца ў прафесіі. Уладзіміра Апаленіса лічылі перспектыўным спецыялістам, які да таго ж добра валодаў англійскай мовай. Але часы перабудовы адрэзалі шлях у Афрыку.

Заставацца ўрачом
Нібы той разрад току стала для яго прапанова ўзначаліць медыцынскі каледж у нашым горадзе.
— Я заўсёды хацеў быць і застаюся ўрачом. Таму разумеў, што спалучаць адміністрацыйную работу і медыцынскую практыку не проста. Ад пасады дырэктара адмаўляўся на працягу паўгода. Потым вырашыў паспрабаваць, — гаворыць субяседнік.

Гэтай установай ён кіруе амаль 20 гадоў. У пачатку шляху, 1999-м, у каледжа нават не было ўласнага будынка. Наогул, не хапала вучэбных плошчаў. Дзякуючы Уладзіміру Яцэнтавічу і пры падтрымцы ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама пад каледж былі аддадзены будынкі былых дзіцячай музычнай школы і адзін з карпусоў прафтэхвучылішча №87, а пазней і інтэрнат, месцамі ў якім цяпер забяспечаны ўсе жадаючыя навучэнцы.

— Рамонт у новых памяшканнях рабілі ўсёй талакой – і педагогі, і навучэнцы. Але мы тады разумелі, што інакш не справімся. У асабліва дрэнным стане быў корпус былога прафтэхвучылішча. Да гнілых вокнаў нават страшна было дакрануцца, яны маглі вываліцца ў любы момант. На кожнае з іх мы прымацавалі надпіс «Асцярожна: не адчыняць!».
Цяпер добраўпарадкаваным вучэбным аўдыторыям і ўтульным пакоям у студэнцкім інтэрнаце можна па-добраму пазайздросціць. Для навучэнцаў створаны абсалютна ўсе ўмовы. Дарэчы, многія з іх з цягам часу вяртаюцца ў каледж у якасці настаўнікаў. Апошнія пяць гадоў Уладзімір Апаленіс таксама зрабіў упор на педагагічную дзейнасць і выкладае спецдысцыпліны.

Гэтымі днямі ва ўстанове пачалася чарговая ўступная кампанія. Тут па-ранейшаму рыхтуюць медыцынскіх сясцёр, фельчараў-акушэраў і памочнікаў урача па амбулаторна-паліклінічнай практыцы. Дарэчы, у Мінскай вобласці ўсяго тры медыцынскія каледжы – у Маладзечне, Барысаве і Слуцку. У нашым пераважная большасць навучэнцаў са сталічнага рэгіёна і Гродзеншчыны (дзе аналагічныя навучальныя ўстановы ёсць толькі ў Гродне і Слоніме). Маладзечанскі медкаледж адзін з нямногіх, дзе выконваецца экспарт адукацыйных паслуг. Ужо каторы год сюды прыязджаюць юнакі і дзяўчаты з Туркменістана. Прычым добрая слава пра ўстанову ў гэтай краіне перадаецца па «сарафанным радыё» ад тых, хто атрымаў адукацыю ў нашым каледжы і застаўся задаволеным навучальным працэсам і далейшым працаўладкаваннем па абранай спецыяльнасці.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.