Новости Молодечно и Молодечненского района

Участак дрэваапрацоўкі «Камунальніка»: ад лаўкі – да ёлкі

  • 2017-11-08 06:33:20
  • Лилия Липницкая

— У нас працуе свая піларама. Прывозім круглы лес, пілуем дошкі і брус, сушым. Нарыхтаваны піламатэрыял выкарыстоўваем на патрэбы жылога фонду ўсяго раёна, пры рамонце і замене драўляных вокнаў і дзвярэй, падлогі, дэталяў даху, — гаворыць кіраўнік участка.

У цэху наладжаны выпуск вырабаў сезоннага характару.

— Зіма не за гарамі. Цяпер у рабоце шуфлі для снегу, а таксама скрыні для пясчана-саляной сумесі. Збіраем новыя, рамантуем старыя, фарбуем… Усё трэба развезці і ўстанавіць. ЖРЭУ адказваюць за дваровыя тэрыторыі, работнікі нашага падраздзялення — за галоўныя вуліцы. Завершаны работы на вуліцах Я. Купалы, Віленскай, В. Гасцінцы, — расказвае С. Сарока.
Пясочніцы, якія ўпрыгожылі многія двары, таксама «нарадзіліся» ў цэху дрэваапрацоўкі.

— Пясочніцы адпавядаюць сучасным санітарным патрабаванням. У іх прадугледжана накрыўка. Кіраўніцтва дало нам эскіз і чарцяжы, мы зрабілі ўзор, крыху ўдасканалілі. Устаноўку пачалі летась з вуліцы Гарадоцкай. У 2017-м устанавілі 75 штук. Бліжэй да летняга сезона пясочніцы зноў унясём у план. Тое ж і з лаўкамі. Жыхары шматпавярховак могуць звяртацца з прапановамі па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый у сваё ЖРЭУ, і яны будуць улічаны. Гаспадарскія адносіны чалавека да месца, дзе ён жыве, — добрая прыкмета часу, — адзначыў кіраўнік.
Участак выпускае таксама рытуальную прадукцыю.

— Гэта рэаліі жыцця. Людзі нараджаюцца і паміраюць. Цяпер на рынку рытуальных тавараў і паслуг шмат канкурэнтаў. Усе змагаюцца за якасць і імкнуцца зніжаць цану. Аднак нават у такіх умовах прадукцыя мае добры збыт. Адпраўляем на продаж каля 30 трун за месяц.

Па словах кіраўніка, вытворчасць у дрэваапрацоўчым цэху амаль  безадходная. Дровамі забяспечваюць лазню, пілавінне адпраўляюць на Радашковіцкую кацельню.

Сяргей Сарока расказаў, што рабочыя падраздзялення выконваюць таксама валку аварыйных дрэў сумесна з зелянгасам, займаюцца абсталяваннем кантэйнерных пляцовак для цвёрдых бытавых адходаў, устанаўліваюць металічныя агароджы на масавых мерапрыемствах або канцэртах. За ўчасткам таксама замацаваны ўсе прыпынкі грамадскага транспарту і смет-
ніцы. Неабходна, каб яны былі ў парадку.
— Нагрузка на падраздзяленне вялікая. Калі еду па горадзе, радуюся  вынікам нашай працы. Засмучае вандалізм маладзечанцаў: вырваныя жыўцом петлі, адарваныя лісты пластыку з прыпынкаў, нават у цэнтры горада, і г.д. Хочацца, каб жыхары раёна бераглі маёмасць і паважліва ставіліся да чужой працы. Рамонт, зафарбоўванне надпісаў і малюнкаў — гэта дадатковыя матэрыяльныя і людскія выдаткі. А не выконваць гэту работу нельга, бо з часам горад страціць свой твар, — тлумачыць субяседнік.

У бліжэйшых планах работнікаў структурнага падраздзялення мантаж навагодняй ёлкі на Цэнтральнай плошчы.
— Работа гэта радасная і адказная. Прыемна ўсведамляць, што я і мае падначаленыя маем дачыненне да гэтага чараўніцтва, — усміхаецца Сяргей Сарока.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.