Талакой вырашаем усе пытанні
Плённа працавалі работнікі ўстаноў і арганізацый у вёсцы Краснае. Да іх далучыліся звычайныя жыхары і, безумоўна, прадстаўнікі сельвыканкама на чале са старшынёй Валянцінай Кісель.
Зрэшты, работы па добраўпарадкаванні на ўсёй тэрыторыі Красненскага сельсавета вядуцца круглы год. Асабліва ўзмоцнены працоўны дэсант – перад пачаткам зімовага сезона і пасля яго.
— Як вядома, наша вёска, а таксама Плябань і Красоўшчына размяшчаюцца ўздоўж рэспуб-
ліканскай аўтамагістралі. Ужо цяпер мы пачалі работы па добраўпарадкаванні да Еўрапейскіх гульняў, што пройдуць у наступным годзе. Абышлі літаральна ўсе падворкі, каб выявіць недахопы і навесці парадак, — заўважае Валянціна Кісель.
У дзень нашага прыезду ў Краснае тут фарбавалі агароджы сядзіб, што выходзяць на аўтамагістраль. Дарэчы, яны знаходзяцца на балансе сельвыканкама і падтрыманне іх у належным стане — задача вельмі няпростая. Трэба выдаткоўваць грошы на набыццё фарбы, пэндзляў, шукаць працоўныя рэзервы для добраўпарадкавання.
Але ў вёсках названага сельсавета вырашаюць праблемы талакой. Таму і на суботнікі выходзяць дружна. Сярод тых, хто дзейсна дапамагае, — ТАА «Дарожнік-Сэрвіс», ТАА «Красненскі кансервавы камбінат», КСУП «Відзеўшчына», школа і воінская часць. Трэба сказаць, што пастаяннага догляду патрабуюць 17 помнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, пяцёра вясковых могілак, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.
Добры прыклад іншым паказалі жыхары вуліцы Лясной у Красным. Яны сваімі сіламі добраўпарадкавалі дзіцячую пляцоўку і нават купілі лаўкі, якія неўзабаве ўстановяць.
А хутка ў гэтай вёсцы з’явіцца фруктовы сад. Яго пасадзяць непадалёк ад вуліц Маладзёжнай і Нагорнай. Саджанцы паабяцала падарыць фермерская гаспадарка «Януш», што ў Малашках.
Дождж настрой не азмрочыў
Старанна працавалі на суботніку работнікі Маладзечанскага лясгаса: фарбавалі агароджы, абкошвалі прыдарожныя палосы, прыбіралі зоны адпачынку на замацаваных тэрыторыях. Дарэчы, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Віталій Дземеш заўважае, што пакрысе адпачывальнікі прывучаюцца да чысціні. Апошнім часам яны пакідаюць пасля сябе менш смецця, хаця, канечне, яшчэ трэба вучыцца культуры адпачынку на прыродзе. Таксама работнікі лясгаса нарыхтоўвалі дровы, якія будуць выкарыстоўвацца ў ацяпляльны сезон у многіх установах гэтай структуры.
Пабывалі мы і на вуліцы Велікасельскай, дзе прадстаўнікі УП «Камунальнік» разам са спецыялістамі гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях разбіралі дом. Раней тут жылі чатыры сям’і.
— Такія работы мы праводзім штогод, і гэта немалыя выдаткі для раённага бюджэту. Каб разабраць адзін дом, у сярэднім расходуецца 3-5 тысяч рублёў. Сёлета мы ўжо разбіралі будыніну па вуліцы Галіны Харэвіч. Займаемся толькі тымі аб’ектамі, што знаходзяцца на балансе УП «Камунальнік». Калі дом прызнаецца непрыгодным для карыстання, жыхарам даецца іншае жыллё, — заўважае намеснік дырэктара па камунальных пытаннях названай установы Сяргей Сарока.
Творчы дух панаваў каля дзіцячай мастацкай школы мастацтваў. Дружнай камандай наводзілі парадак і пачынаючыя, і вопытныя спецыялісты. Настрой у працоўную суботу ім не азмрочыў нават дождж.
Тым часам асеннія суботнікі прадоўжацца па ўсёй краіне, у тым ліку ў нашым раёне.
Фота: Ірына РАБУШКА.