Задзейнічаная на ўборцы тэхніка была выстаўлена на імправізаванай пляцоўцы. Тут жа знаходзіліся экіпажы камбайнаў і вадзіцелі. Спецыялісты хаця і старанна рыхтаваліся да галоўнага для хлебаробаў экзамену, усё ж хваляваліся. Кожная ўборачная кампанія мае свае асаблівасці. А сабраць з палёў усё вырашчанае -- няпростая і адказная задача.
Да ўдзельнікаў жніва з пажаданнямі плённай працы і шчодрага хлебнага караваю звярнуліся Юрый Горлаў, яго намеснік -- начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзмітрый Давыдок, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатолій Фурс. Кіраўнік ААТ «Селеўцы» Уладзімір Карась запэўніў, што хлебаробы зробяць усё, каб сабраць ураджай з палёў да апошняга зярнятка.
Аздобілі мерапрыемства народныя абрады. Дзяўчына ў народным адзенні вынесла на ручніку каравай з мукі ўраджаю мінулага года. Самадзейныя артысты народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька» выканалі абрадавыя песні. Былі сімвалічна зжатыя першыя снапы новага ўраджаю.
Як павялося на нашых землях, удзельнікі зажынак тройчы падкінулі снапы ў неба з пажаданнямі, каб жніво прайшло без страт, каб тэхніка не псавалася, каб Бог даў здароўе ўсім удзельнікам жніва.
Удзельнікаў уборачнай благаславіў святар. На хлебную ніву выйшла тэхніка.
Больш падрабязна пра зажынкі чытайце ў нумары газеты за суботу, 15 ліпеня.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.