— Падрыхтоўка да збору ляснога ўраджаю, як заўсёды, вялася грунтоўна, — гаворыць інжынер па стандартызацыі і сертыфікацыі лясгаса Вольга Мельнік. – Былі заключаны дагаворы з арганізацыямі – перапрацоўшчыкамі бярозавага соку, закуплены ёмістасці для яго збору, абноўлены адпаведны інвентар. Каштоўны прадукт рэалізуецца насельніцтву ў Маладзечанскім, Красненскім і Гарадоцкім лясніцтвах. Цана складае 30 капеек за літр.
Спецыяліст лясгаса зазначыла, што грамадзяне могуць нарыхтаваць бярозавік самастойна. Для гэтага трэба звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва. Там растлумачаць правілы збору ляснога ўраджаю і пакажуць адпаведную дзялянку. А вось за незаконнае падсочванне вінаваты заплаціць штраф у памеры да 20 базавых велічынь.
Вольга Мельнік нагадала, што ў перыяд нарыхтоўкі бярозавіку ахова лесу ў раёне ўзмацняецца. На дзялянках вядзецца назіранне, у тым ліку з дапамогай камер фотавідэафіксацыі.
Каб паглядзець, як непасрэдна праходзіць нарыхтоўка бярозавага соку, мы ў суправаджэнні інжынера па ахове і абароне лесу Генадзія Калошыча адправіліся на дзялянку недалёка ад Маладзечна.
— Усе ўчасткі лесу, на якіх адбываецца падсочванне, прызначаныя пад высечку, — гаворыць спецыяліст. – Той, на які мы прыехалі, мае ўзрост 65 гадоў і прызначаны для высечкі галоўнага карыстання. Таму згодна з правіламі на працягу бліжэйшых пяці гадоў тут дазваляецца праводзіць нарыхтоўку бярозавіку.
Больш за палову дрэвастою на ўчастку складаюць бярозы, а сама дзялянка знаходзіцца на невялікім узвышшы, добра асветлена і праграваецца сонцам. Таму іх сок смачны, салодкі, а яго рух пачаўся раней, чым у іншых месцах.
Мы пазнаёміліся з лесаводамі, якія нарыхтоўваюць бярозавік. Андрэй Багуцкі працуе ў лясгасе амаль дзевяць гадоў. Ён адзін з найбольш вопытных работнікаў Маладзечанскага лясніцтва.
— Збор ляснога ўраджаю — справа вельмі адказная, — адзначыў субяседнік. – Перад пачаткам работ трэба прывесці ў парадак лясныя дарогі, па якіх сок дастаўляецца спажыўцам. Падсочванне вядзецца па пэўных правілах. Выбіраюцца максімальна «ўраджайныя» дрэвы. Адна бяроза за сезон можа даць да 150 літраў соку. Поліэтыленавыя мяшкі, куды ён капае з латкоў, напаўняюцца за два дні.
Лесавод Іван Філістовіч дадаў, што на гэтым участку падсочаныя каля 500 дрэў. Усяго брыгадзе трэба сабраць ураджай з трох такіх участкаў. Працягласць сезона нарыхтоўкі бярозавіку залежыць ад надвор’я. Таму цэніцца кожная хвіліна.
З гэтым згодны Максім Стасіловіч. Малады чалавек працуе ў лясгасе толькі год, аднак ні ў чым не адстае ад больш вопытных калег. Адразу бачна, што прафесія лесавода яму падабаецца.
***
Летась Маладзечанскі лясгас рэалізаваў насельніцтву больш за 70 тон бярозавіку.
Сёлета ў Мінскай вобласці плануецца нарыхтаваць 4,6 тысячы тон бярозавага соку.
Беларускі бярозавік экспартуецца ў розныя краіны свету, у тым ліку ЗША і Ізраіль.
Кожная бяроза за суткі можа даць 5-10 літраў соку.
Бярозавік лічыцца другасным лясным рэсурсам.
Яго біялагічныя запасы ў нашай краіне складаюць звыш 480 тысяч тон.
Бярозавік выкарыстоўваецца не толькі ў якасці напітку. Ён мае і касметалагічныя ўласцівасці — карысныя рэчывы станоўча ўплываюць на скуру пры мыцці.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.