Новости Молодечно и Молодечненского района

У Палачанах узведзена станцыя абезжалезвання

  • 2019-03-04 11:06:20
  • Алег Бяганскі

Новая станцыя знаходзіцца ля воданапорнай вежы недалёка ад цэнтральнай вуліцы. Усё абсталяванне змяшчаецца ў невялікім памяшканні. Тэхналогія дазваляе хутка перавесці жалеза з растворанага стану ў нераствораны. Затым асадак фільтруецца. Па водаправодзе вада нарматыўнай якасці падаецца ў жылыя дамы.

Ідзём на вуліцу Палявую. Тут у адным з добраўпарадкаваных катэджаў жыве мнагадзетная сям’я Канстанціна Батуры і Наталлі Усціновіч. Муж і жонка гадуюць пяцярых дзетак, працуюць у ААТ «Палачаны» (Наталля – жывёлаводам, Канстанцін – механізатарам). Гаспадыня знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Яна і адчыніла дзверы журналістам.

— Новай вадзе не можам нарадавацца, — гаворыць жанчына. — Чыстая, празрыстая. Яе можна піць адразу з-пад крана. Раней даводзілася ваду адстойваць. Ежу варылі на бутыляванай вадзе. Яе спецыяльна куплялі ў магазіне. А цяпер і гатаваць, і мыць бялізну — адно задавальненне. Дзякуй «Маладзечнаводаканалу» і мясцовым уладам за такі камфорт!

Наталля дадала, што з запускам станцыі абезжалезвання ўмовы жыцця сям’і наблізіліся да гарадскіх, а можа, і перавысілі іх. Лічыце самі: цэнтралізаванае водазабеспячэнне і газазабеспячэнне, прасторны дом. Уласныя сад і агарод, вітамінная прадукцыя прама з градак. Дзецям гэта асабліва карысна.

Далей накіроўваемся на вуліцу Садовую да былога кіраўніка Палачанскага сельвыканкама Уладзіміра Станкевіча.

Ён расказаў, што пытанні стабільнага водазабеспячэння і абезжалезвання вады ўзнімаліся і раней. Аднак у мінулыя гады за забеспячэнне вадой сельскіх населеных пунктаў адказвалі гаспадаркі. На адпаведныя мерапрыемствы не хапала сродкаў, тэхнікі, спецыялістаў. Сітуацыя кардынальна змянілася, калі сістэму водазабеспячэння перадалі КУП «Маладзечнаводаканал». Дзякуючы гэтаму стала магчымай рэалізацыя многіх праектаў, у тым ліку будаўніцтва станцыі абезжалезвання.

— Чыстая вада – гэта перш за ўсё моцнае здароўе. Ды і пра камфорт таксама не трэба забываць. Адна справа – бясконца мяняць картрыджы ў фільтры, іншая – калі ваду
з-пад крана адразу можна піць, — адзначыў Уладзімір Станкевіч.
Пасля бліц-апытання яшчэ некалькіх вяскоўцаў (людзі адзначылі перамены да лепшага ў галіне водазабеспячэння) мы сустрэліся са старшынёй Палачанскага сельвыканкама Анастасіяй Іода.

— У Палачанах многае робіцца для вырашэння камунальных пытанняў (у тым ліку ў сферы забеспячэння жыхароў якаснай пітной вадой), — за-
значыла субяседніца. — Летась правялі мадэрнізацыю сетак водазабеспячэння. Значна палепшыла сітуацыю станцыя абезжалезвання. Гэта адзначаюць і мясцовыя жыхары. Людзі тэлефануюць у сельвыканкам, райвыканкам, КУП «Маладзечнаводаканал» і дзякуюць за праведзеную работу.

Анастасія Іода паведаміла, што не падключанымі да станцыі застаюцца каля двух дзясяткаў дамоў па вуліцы Савецкай, а таксама мясцовая школа. Цяпер прапрацоўваецца пытанне забеспячэння ўсіх спажыўцоў вадой нарматыўнай якасці.

Сітуацыя знаходзіцца на кантролі ў райвыканкаме. У тым, што яна будзе вырашана, няма сумненняў.

— Забеспячэнне камфортнасці і павышэнне якасці жыцця насельніцтва адны з асноўных задач мясцовых органаў улады. Таму ў раёне і сельсавеце рэалізуюцца праграмы па павышэнні якасці пітной вады для насельніцтва. Для сельскай мясцовасці тым самым уносіцца дадатковы ўклад у вырашэнне пытанняў замацавання кадраў, павышэнне прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій. Вось чаму ўвядзенне ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання мае для Палачан вялікае значэнне, — падкрэсліла старшыня сельвыканкама.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.