Новости Молодечно и Молодечненского района

У кожнага свая ніва

  • 2018-04-25 07:27:17
  • Аляксандр Лазоўскі


Два гады запар адкрытае акцыянернае таварыства «Хоўхлава» называлася сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод сельгасарганізацый – пазалетась першае месца, летась – трэцяе. Сёлета таксама настроены на поспех.

– Яшчэ на мінулым тыдні завяршылі сяўбу ранніх яравых каласавых, – уводзіць у курс справы дырэктар таварыства Андрэй Стадуб. – Цяпер дапамагаем іншым, у прыватнасці, калегам з «Дубрава» – там працуе наш пасяўны агрэгат. Колькі дзён таму працавалі ў «Відзеўшчыне».

Правялі дзве падкормкі азімых, апрацоўваем палі супраць пустазелля. Заўтра «разбяромся» з цукровымі буракамі, а затым і з кукурузай.

Андрэй Віктаравіч перакананы, што без захавання аптымальных тэрмінаў сяўбы і строгіх тэхналагічных патрабаванняў разлічваць на поспех не даводзіцца. Глебы ў гаспадарцы самыя бедныя па ўтрыманні гумусу сярод гаспадарак раёна – сярэдні бал ворыва складае 26,8, а сельгасугоддзяў – 25,7. Вось чаму на ўраджай працуюць круглы год: складаюць карту палёў, назапашваюць мінеральныя ўгнаенні і арганіку, стымулятары росту і сродкі аховы раслін, мікра- і макраэлементы. А яшчэ грошы, каб зацікавіць людзей працаваць адказна і якасна.

У «Хоўхлаве» абапіраюцца на свае сілы, сярод работнікаў няма «залётных» і выпадковых. Дэталёва распрацоўваюць умовы спаборніцтва, прынцыпы маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Хто хоча зарабіць – заробіць: ад сямідзесяці да ста рублёў ацэньваецца дзённая норма. Асобным механізатарам вопыт і працавітасць дазваляюць значна перакрываць яе. Вядома ж, пры захаванні ўсіх якасных паказчыкаў.

У якасці «бонуса» гаспадарка прапануе вяскоўцам пасадку і догляд бульбы ў палях севазвароту. Гаспадарам восенню толькі і застаецца, як сабраць ураджай.

Кіруючыся прынцыпам «лепей адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць», разам з галоўным аграномам гаспадаркі Леанідам Давыдзёнкам і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Саланенкам накіроўваемся ў поле. Спачатку шлях у напрамку да вёскі Чахі – там засявае цукровымі буракамі 40-гектарны ўчастак Уладзімір Янкоўскі. Пра шчыраванні механізатара мы даведаліся яшчэ раней: «маланка» пры ўваходзе ў кантору паведамляла, што напярэдадні Уладзімір Анатольевіч сеялкай СМН-12 заправіў у глебу насенне на плошчы 20 гектараў.

– Восьмы год займаюся гэтай справай, – паведаміў механізатар. – Летась восенню з кожнага гектара атрымалі без малога 600 цэнтнераў салодкага кораня. Зноў жа, пры нашых землях – вельмі высокая лічба.
Палеткі пад цукровыя буракі падрыхтаваны старанна, сеялка наладжана на рацыянальную норму, насенне высакаякаснае, з павышанай ступенню ўсходжасці. Мая работа вядомая – не губляць ні хвіліны з-за паломак і прастояў. Пакуль абыходзіцца без іх.

Якім ураджай будзе сёлета, пакажа час, але цукровыя буракі не толькі салодкія, а, можна сказаць, залатыя. У мінулым годзе рэнтабельнасць вырошчвання тэхнічнай культуры склала 55 працэнтаў. Выдатная падтрымка для эканомікі гаспадаркі!

Пацікавіліся ў Леаніда Давыдзёнка, што найбольш хвалюе гэтай вясной галоўнага агранома. Аказалася, не надвор’е, хаця спорны дожджык не перашкодзіў бы. Не тэмпы веснавых работ – тут усё па графіку.
Выклікае пытанні арганізацыя тэндарных закупак «хіміі». Летась, да прыкладу, выдатна зарэкамендаваў сябе ў гаспадарцы прэпарат беларускай вытворчасці «бомба» – гербіцыд для барацьбы з пустазеллем на пасевах яравых культур. Аднак сёлета арганізатары тэндараў не ўнеслі яго ў закупкі. Эканомія ў кошце, перакананы Леанід Мечыслававіч, адмоўна адаб’ецца на ўраджайнасці.