З чароўных мелодый у выкананні народнага струннага ансамбля «Амелія» музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пачалася ўрачыстасць з нагоды адкрыцця выстаўкі, якую вяла кіраўнік жаночага клуба «Сучасніца» Палаца культуры Ганна Владыка. Мерапрыемства прайшло ў форме шчырага дыялогу вядучай з віноўніцай урачыстасці. Прыхільнікам творчасці Ядвігі Іванаўны, а іх у гэты снежаньскі вечар сабралася нямала, цікава было даведацца, як яна стала мастаком, што адчувае, калі бачыць, як вернікі моляцца перад яе іконамі на каленях…
Ядвіга нарадзілася ў Палачанах, закончыла школу ў Маладзечне, куды пераехалі яе бацькі, глыбокаверуючыя католікі, якія адкрылі ёй шлях да Бога. Яе тата майстраваў рамы для ікон, алтары для касцёлаў па ўсім наваколлі, самастойна навучыўся іграць на аргане. Матуля выдатна малявала і шыла. І хаця, як Ядвіга Іванаўна расказала ў час сустрэчы, у дзяцінстве яна марыла стаць актрысай, выбрала шлях мастацтва. Займалася ў студыі выяўленчага мастацтва, якой кіраваў Юрый Герасіменка, закончыла аддзяленне станковага жывапісу і графікі Маскоўскага ўніверсітэта мастацтваў. Чвэрць стагоддзя па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта наша зямлячка займаецца іканапісам. У яе творчай скарбонцы больш за 2,5 тысячы спісаў ікон. Іх можна ўбачыць не толькі ў храмах Маладзечаншчыны, але і іншых раёнаў, абласцей. За апошнія 20 гадоў адбылося больш за 300 яе персанальных выставак. Унікальны духоўны праект «Копіі беларускіх цудадзейных абразоў Маці Божай» пачынаючы з 2021 года аб’ехаў 90 парафій ва ўсіх абласцях Беларусі. Цудадзейныя абразы выстаўляліся не толькі ў касцёлах, але і музеях, мастацкіх галерэях, дамах культуры (і ў нашым у тым ліку), у Гомельскім абласным драмтэатры. Летам 2023 года пілігрымка з цудадзейнымі абразамі пабывала ў Ватыкане, іх благаславіў Папа Рымскі, якому была перададзена копія цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Графік гэтай пілігрымкі, якая сёння налічвае 17 абразоў, распісаны на паўгода наперад.
-- Калі ідзеш па жыцці з дабром і Богам у сэрцы, творчы ланцужок выстройваецца сам па сабе, -- дзялілася з прысутнымі Ядвіга Іванаўна.
Кожную раніцу яна прыступае да работы з малітвай, са светлымі думкамі, з любоўю і верай. Расказвае, што не раз пераконвалася: станоўчая энергетыка, якую ўкладваеш у любімую работу, вяртаецца ад людзей, якія яе ўбачылі, ацанілі. На пытанне, хто яе самы строгі крытык, Ядвіга Іванаўна адказала:
-- Я сама! Калі гляджу на свае завершаныя работы, мне заўсёды хочацца нешта ў іх падправіць. А яшчэ прыслухоўваюся да заўваг, парад мужа Сяргея, які вельмі дапамагае мне ў афармленні карцін.
У гэты вечар многія віншавалі мастачку з чарговай выстаўкай, дзякавалі за высокадухоўныя творы, якія аб’ядноўваюць канфесіі, пакаленні, наша грамадства ў цэлым, напаўняюць людскія душы святлом і верай. Плённай працы, творчага натхнення, Божага блаславення зычылі ёй ксёндз-пралат канонік Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, дзекан Маладзечанскага дэканата, пробашч парафіі св. Юзафа ў Маладзечне, дырэктар Палаца культуры Таццяна Цагалка, дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Алена Чарнецкая, намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Тамара Лубінская, удзельніца жаночага клуба «Сучасніца» Ала Івашкевіч, мастацкі кіраўнік і дырыжор Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Рыгор Сарока, мастак Мікалай Аўчыннікаў.
Арганічна ўпісаліся ў канву мерапрыемства, дарылі святочны настрой эксклюзіўныя навагоднія ўпрыгажэнні мастака-дызайнера, удзельніцы клуба «Сучасніца» Ірэны Ханеўскай. Завяршылася вечарына духоўнай кампазіцыяй, якую выканала навучэнка музычнага каледжа Любоў Талмачова.
КОРАТКА АБ ГАЛОЎНЫМ
Ядвіга СЯНЬКО:
-- Мэта маёй творчасці -- прынесці людзям святло і радасць, падарыць надзею, што дабрыня і прыгажосць, міласэрнасць, вера ў Бога ўратуюць свет.
Мэта ўласнага жыцця -- узвесці храм у душы. З гэтага і пачынаецца штодзённая праца мастака.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.