Нядаўна сярод іх аказаліся і карэспандэнты «Маладзечанскай газеты».
… Машына яшчэ на пад’ездзе, а жыхары Бяртошак ужо чакаюць. Аўтакрамы сталі ў многіх вёсках адзінымі пастаўшчыкамі тавараў. У нашым раёне магазіны на колах прыязджаюць у 143 населеныя пункты два-тры разы на тыдзень. Толькі іх жыхары могуць па-сапраўднаму зразумець усе выгоды гэтай паслугі.
Працоўны дзень работнікаў перасовачнага гандлю пачынаецца а сёмай гадзіне раніцы. Перш чым адправіцца па маршруце, вадзіцелі і прадаўцы загружаюць тавар. Сучасныя аўтакрамы аснашчаны неабходным гандлёвым, халадзільным і вагавымяральным абсталяваннем, касавымі апаратамі, банкаўскімі плацежнымі тэрміналамі. У дарогу машыны адпраўляюцца пасля васьмі гадзін раніцы і калясяць па раёне прыкладна да пяці вечара. Самы напружаны час — дачны сезон: замест звычайных 5-7 прыпынкаў удвая больш, працаваць даводзіцца да позняга вечара.
Вадзіцель Мікалай Ганчароў і прадавец Ларыса Вяжэвіч разумеюць, што на іх ляжыць адказнасць па забеспячэнні прадуктамі і спадарожнымі таварамі вяскоўцаў і дачнікаў. Дарэчы, гэты тандэм утварыўся нядаўна. Мікалай працуе вадзіцелем у райспажыўтаварыстве 35 гадоў, сем з іх пенсіянер, але работу не кінуў і нават два месяцы таму перасеў за руль аўтамабіля-крамы.
— Моладзь у нас не затрымліваецца — зарплата невялікая. А мне дадатак да пенсіі, — гаворыць ён. – Тым больш што я люблю сваю работу і добра ведаю раён. Лёгка знаходжу дарогу нават да самай аддаленай вёскі.
Свая гісторыя і ў Ларысы Вяжэвіч, якая ўсё жыццё працуе ў сферы гандлю. У свой час пачынала вучаніцай прадаўца ў былым «Дзіцячым свеце», потым стала намесніцай загадчыцы аддзела цацак. У постсавецкі перыяд працавала ў іншых гандлёвых арганізацыях. А ў 53 гады засталася без работы пасля ліквідацыі прыватнай кампаніі, у якой была загадчыцай склада.
— Нягледзячы на вялікі вопыт у прафесіі, у такім узросце цяжка знайсці работу, — заўважае Ларыса. – Так, два гады таму я апынулася ў аўтакраме. Але дзякуючы ёй адкрыла для сябе прыгажосць роднага краю. Раней падарожнічаць па раёне не даводзілася. Назвы некаторых населеных пунктаў нават не чула.
Штораз нашу размову спыняюць пакупнікі.
«Мне малака і кефіру, а яшчэ солі і соды», — просіць адна бабулька. Другая бярэ малако, хлеб і запалкі, трэцяя — каўбасу, соду і соль. «А ці ёсць у вас «Дамашняе» пячэнне? — цікавіцца адна з пенсіянерак. — А яшчэ кілька ў таматным соусе?».
Пра які б тавар ні спыталі вяскоўцы – у аўтакраме ўсё ёсць!
Спецыялісты райспажыўтаварыства даўно вывучылі запыты пакупнікоў магазінаў на колах. Найчасцей у іх абслугоўваюцца пенсіянеры (прычым пераважна жанчыны) і маладыя мамы, якія знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску. Варта заўважыць, што вяскоўцы выдатна арыентуюцца ў цэнах, ведаюць іх з дакладнасцю да капейкі.
— Пераходзіць на «новыя грошы» было няпроста. Пенсіянеры і цяпер часам блытаюцца ў разліках, — расказвае Ларыса Васільеўна. — Праз тэрмінал вяскоўцы разлічваюцца неахвотна, хіба толькі зрэдку моладзь і людзі актыўнага ўзросту. Пажылыя людзі чамусьці баяцца безнаяўных грошай, а ў многіх проста няма банкаўскай карткі.
Затое тэрмінал запатрабаваны ў дачнікаў. Ды і запыты ў іх крыху іншыя, асабліва ў мінчан. Так званы «сацыяльны набор» прадуктаў накшталт хлеба, малака, кефіру ды яек яны таксама купляюць, але нярэдка просяць дарагія цыгарэты, алкаголь, замежныя ласункі для дзяцей.
Акрамя прадуктаў і спадарожнага тавару для дома, у аўтакрамах можна набыць па заказе і бытавую тэхніку, праўда, на такія пакупкі вяскоўцы рашаюцца вельмі рэдка. Насцярожана яны ставяцца і да гандлёвых акцый.
— Колькі разоў спрабавалі іх укараніць — не атрымалася, – гаворыць Ларыса Васільеўна. – Спажыўцы чамусьці бачаць у гэтым падвох.
Субяседніца на працягу дачнага сезона і сама карыстаецца паслугамі аўтакрамы. Яе садовае таварыства абслугоўвае Вілейскае распажыўтаварыства.
— Прыходжу ў магазін на колах не толькі як звычайны пакупнік, але і як работнік адпаведнай сферы. Заўсёды ацэньваю работу калег, штосьці адметнае бяру на заметку, каб прымяніць потым на практыцы, — заўважае Ларыса Вяжэвіч.
Тым часам прадавец акуратна зачыняе вітрыну, парадкуе тавар, вадзіцель садзіцца за руль, і яны адпраўляюцца далей па маршруце. Іх заўсёды чакаюць у Капачах, Бродах, Бярозаўцах, Кічыне, Тучыне, Мурзах…
Фота: Аляксей ПЛАТКО.