Кіраўнік адзначыў, што падрыхтоўка тэхнікі да вясновай пасяўной пачалася яшчэ ў мінулым годзе. Праходзіла яна згодна з графікам, узгодненым з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Цяпер агрэгаты і механізмы на лінейцы гатоўнасці.
— Машынна-трактарны парк гаспадаркі пастаянна папаўняецца, — гаворыць Уладзімір Лазар. – Так, сельгаспрадпрыемства атрымала трактар і граблі-варушылкі. Па праграме «Шырэй круг» плануецца пастаўка спецыялізаванага абсталявання для палявых работ з холдынгу «Бабруйскаграмаш».
Як паведаміў субяседнік, пры добрым надвор’і сяўба збожжавых і зернебабовых пройдзе хутка, за некалькі дзён. Высокім тэмпам павінна садзейнічаць добрая арганізацыя працы. Насенны фонд сфарміраваны загадзя. У гаспадарцы ў наяўнасці неабходныя ўгнаенні і сродкі аховы раслін. Аснову яравога палетка складуць пшаніца і ячмень.
Уладзімір Лазар адзначыў добрую работу інжынернай службы пры падрыхтоўцы тэхнікі да выхаду ў поле. У прыклад ён паставіў галоўнага інжынера гаспадаркі Сяргея Макеева, загадчыка майстэрань Уладзіміра Богана, зваршчыкаў братоў-блізнят Сяргея і Аляксандра Барадакаў. Выдатна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі і іншыя спецыялісты.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.