— Сваю асноўную задачу па абароне эканамічных інтарэсаў дзяржавы мы імкнёмся выконваць годна, — адзначыў начальнік падраздзялення Сяргей Жогал. – Стараемся садзейнічаць экспарту айчыннай прадукцыі, ствараць умовы для развіцця знешнеэканамічнай дзейнасці і міжнароднай кааперацыі.
З пачатку года маладзечанскія мытнікі аформілі 64 тысячы экспартных дэкларацый і 6,5 тысячы — імпартных, пералічылі ў бюджэт звыш 54 мільёнаў рублёў мытных плацяжоў, выявілі 50 адмністрацыйных правапарушэнняў, канфіскавалі тавараў, якія незаконна перавозіліся, больш чым на 20 тысяч рублёў.
Сяргей Мікалаевіч нагадаў, што ў склад Маладзечанскага мытнага паста ўваходзяць Рэспубліканскі пункт мытнага афармлення (адзінае такое падраздзяленне ў структуры Мінскай рэгіянальнай мытні), а таксама ўнутраны пункт мытнага афармлення. У нашым горадзе афармляюць дакументы каля 80 працэнтаў экспарцёраў цэнтральнага рэгіёна краіны. Дзякуючы спрашчэнню мытных працэдур 90 працэнтаў партый тавараў цяпер афармляюцца за пяць хвілін. Усё больш актыўна выкарыстоўваецца электронны дакументаабарот.
З мінулага года ў Маладзечне тэсціруецца сістэма па аўтаматычным выпуску экспартных, імпартных і транзітных партый тавараў, якія перавозяцца па чыгунцы. Сёння такім чынам падаецца 30 працэнтаў адпаведных дэкларацый. Гэта павышае транзітную прыцягальнасць Беларусі, спрыяе айчыннаму бізнесу, дазваляе больш эфектыўна выкарыстоўваць рэсурсы Мінскай рэгіянальнай мытні і змяншае рызыку карупцыйных правапарушэнняў.
— Калектыў паста складаюць сапраўдныя прафесіяналы. Падраздзяленне ганарыцца сваімі ветэранамі. Маладыя супрацоўнікі бяруць з іх прыклад і таксама паказваюць добрыя вынікі службовай дзейнасці. Увогуле, мытнікам павінна быць уласцівае спалучэнне вопыту, ініцыятывы і прафесіяналізму. Усім гэтым работнікі паста валодаюць, — дадаў Сяргей Жогал.
Гісторыя Дня мытніка Беларусі пачынаецца 20 верасня 1991 года. Тады згодна з адпаведнай пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Беларускае ўпраўленне Дзяржаўнага мытнага кантролю СССР было ператворана ў Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь.
Фота: Алег БЯГАНСКІ.