Новости Молодечно и Молодечненского района

Свята з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у Маладзечне

  • 2017-11-21 12:31:40
  • Аляксандр Лазоўскі

На гэты раз у адной зале сабраліся кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна, механізатары, жывёлаводы, работнікі прадпрыемстваў перапрацоўкі. За выключэннем хіба што ўдзельнікаў жніва – іх намаганні адзначаліся раней, на раённых і абласных «Дажынках». Вітаючы віноўнікаў урачыстасці, старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Яхнавец заўважыў: сельская гаспадарка – неад’емная і важная частка эканомікі Маладзечаншчыны. Больш за 40 працэнтаў прадукцыі, якую экспартуе раён, выраблена з сельскагаспадарчай сыравіны. З году ў год вырабы малочнага камбіната, хлебазавода, мясакамбіната, спіртагарэлачнага завода адзначаюцца дыпломамі і медалямі на конкурсах і выставах рознага ўзроўню, у тым ліку і далёка за межамі краіны – у Маскве, Дубаі, Ганконгу, Астане, у Кітаі.

Нягледзячы на капрызы надвор’я, хлебаробы раёна намалацілі сёлета 77109 тон збожжа, альбо амаль на 12000 тон больш, чым летась. Праўда, заўважыў кіраўнік раённай улады, нам па сілах і больш высокія рубяжы: 100 тысяч тон хлеба не мяжа.

– Вы сапраўдныя прафесіяналы і ўносіце вялікі ўклад ва ўмацаванне эканамічнага патэнцыялу раёна, беражліва ставіцеся да рэсурсаў роднай зямлі, закладваеце аснову дабрабыту будучых пакаленняў, – пад апладысменты прысутных завяршыў сваё віншаванне А. Яхнавец.

Старшыня райвыканкама ўручыў шэрагу работнікаў гаспадарак і арганізацый граматы і падзякі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў. У ліку ўзнагароджаных Соф’я Гнілазуб і Зоя Бурачонак з ААТ «Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў», Мікалай Жалевіч з сортавыпрабавальнай станцыі, Пётр Гайковіч з СУП «Хажоваагра-2009»…

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Каткавец, перш чым уручыць узнагароды пераможцам раённага спаборніцтва ў розных намінацыях, ад імя сваіх калег-аграрыяў запэўніў і райвыканкам, і ўсіх маладзечанцаў, што вяскоўцы і надалей будуць працаваць на карысць роднага краю і яго жыхароў.

– А для гэтага нам усім патрэбныя моцнае здароўе, разуменне, падтрымка блізкіх і, вядома ж, добрыя заробкі. Апошняе, як вядома, і ў нашых руках.

Сярод гаспадарак за рост вытворчасці і продажу дзяржаве прадукцыі жывёлагадоўлі тройку лідараў склалі ААТ «Хоўхлава», філіял Аграфірма «Лебедзева» і ААТ «Купала-Агра». Калі для працаўнікоў «Хоўхлава» гэты год аказаўся ўдалым ва ўсіх адносінах, калі лебедзеўцам таксама не прывыкаць да перамог і ўзнагарод, то «прарыў» — трэцяе месца жывёлаводаў-купалаўцаў хацелася б лічыць пачаткам выхаду з зацяжнога крызісу, у якім была галіна.

Спісы пераможцаў наша газета друкавала ўжо, і сэнсу паўтарацца няма. Скажу толькі, што прозвішчы многіх механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў сярэдняга і вышэйшага звяна ельгаспрадпрыемстваў на слыху не першы год. Аб чым гэта сведчыць? Бадай, аб тым, што на розных участках у АПК раёна працуюць адданыя сваёй справе людзі, сапраўдныя майстры. Няхай і надалей шчасціць ім у працы і ў сямейным жыцці.

Пра ўзаемную работу ў час асноўных сельскагаспадарчых кампаній і штодзённае ўзаема-
дзеянне работнікаў арганізацый АПК і галіновага прафсаюза прыгадаў у сваім звароце да прысутных яго старшыня Уладзімір Саланенка. Ён жа ўручыў падзякі абласной і ганаровыя граматы раённай прафсаюзных арганізацый актывістам прафесійнага руху.

З творчымі віншаваннямі да ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства звярнуліся артысты гарадскога Палаца культуры – як вядома, там, дзе хлеб, там і песня.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.