Новости Молодечно и Молодечненского района

Строить или нет? В Молодечно повторно обсудили вариант уплотнения

  • 2018-01-30 11:56:47
  • Алег Бяганскі

Пасля эмацыянальнай дыскусіі бакі (жыхары квартала, які плануецца ўшчыльніць, і прадстаўнікі райвыканкама, профільных дзяржаўных арганізацый, праектнай арганізацыі) так і не прыйшлі да паразумення.

Прэзентацыя праходзіла ў будынку цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна (першая праходзіла ў канцы лістапада).Тут сабраліся некалькі дзясяткаў жыхароў дамоў, у двары якіх можа разгарнуцца будаўніцтва.

Як падкрэсліла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Святлана Хрусталёва, пры дапрацоўцы канцэпцыі былі ўлічаны пажаданні, што выказваліся ў час папярэдняга абмеркавання. У прыватнасці, па просьбе жыхароў прадугледжваецца пашырыць заезды і праезды ў раёне меркаванага будаўніцтва, добраўпарадкаваць дваровую тэрыторыю, устанавіць малыя архітэктурныя формы, дадаткова азеляніць участак, абсталяваць дзіцячую пляцоўку. Выкананне ўсяго гэтага запланавана за бюджэтныя сродкі.

Што да самога аб’екта (36-кватэрнага 9-павярховага дома), то пры яго праектаванні спецыялісты ўлічылі ўсе дзеючыя нормы і стандарты. Прычым выконваюцца яны і ў дачыненні да ўжо ўзведзенага жылля. Пасля ўвядзення дома ў эксплуатацыю жыхарам суседніх дамоў не пагражаюць перабоі ў цепла-, вода- і электразабеспячэнні.

Людзі, у сваю чаргу, спасылаліся на пісьмо са Службы кантролю Прэзідэнта, дзе гаворыцца, што ўшчыльненне немагчыма па прычыне лімітавай забудовы і нежадання жыхароў.

— Што змянілася з таго часу, калі складаўся дакумент? Чаму патэнцыяльныя забудоўшчыкі замахваюцца на наш двор? Колькі гэта яшчэ будзе працягвацца? — гэтыя і іншыя пытанні задавалі тыя, хто прыйшоў на абмеркаванне.

Таксама жыхары не верылі, што пасля ўзвядзення аб’екта яны не будуць адчуваць нязручнасці ў камунальнай сферы.

— Навошта абмяркоўваць канцэпцыю, калі мы ўвогуле супраць будаўніцтва? – заявіў пажылы мужчына. — Прапаную жыхарам падпісаць зварот аб яго забароне і накіраваць у рай- і аблвыканкамы, а таксама ў Адміністрацыю Прэзідэнта.

Пасля гэтага людзі пачалі разыходзіцца.

У час абмеркавання было адзначана, што пісьмовыя заўвагі ці прапановы па дапрацаванай канцэпцыі трэба накіроўваць у Маладзечанскі райвыканкам. Яны будуць далучаны да астатніх дакументаў і разгледжаны архітэктурна-горадабудаўнічым саветам Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. У яго ўваходзяць профільныя рэспубліканскія арганізацыі і абласныя службы. На пасяджэнні могуць прысутнічаць і зацікаўленыя грамадзяне. Калі савет вырашыць, што вышэйназваная пляцоўка не падлягае забудове, акт выбару зямельнага ўчастка адменяць.

Пры гэтым неабходна мець на ўвазе, што разглядаюцца толькі абгрунтаваныя заўвагі. Айчыннае заканадаўства таксама дазваляе правесці незалежную экспертызу канцэпцыі.   

Фота: Аляксей ПЛАТКО.