Новости Молодечно и Молодечненского района

Стену памяти в Молодечно реконструировали

  • 2017-01-30 12:42:29
  • Алег Бяганскі

— Гэты мемарыял — знакавае месца ў нашым горадзе, — патлумачыла вядучы метадыст па помніках і музейнай справе ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна» Іна Каханоўская. — Тут праводзяцца розныя грамадскія і патрыятычныя мерапрыемствы, урачыстасці, ускладаюцца кветкі і гірлянды. Сюды прыходзяць пакланіцца сваякі і блізкія герояў, якія ахвяравалі жыццём за перамогу над фашызмам. Паблізу размешчаны навучальныя і медыцынскія ўстановы. Ля помніка кожны дзень праходзяць тысячы людзей. Для жыхароў горада і раёна гэта месца – сапраўдны клас патрыятычнага выхавання, да якога не павінна зарастаць народная сцяжынка.  

Мемарыял стаў таксама сімвалам смутку для блізкіх, сяброў і жыхароў Маладзечаншчыны, якія ўшаноўваюць памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў Афганістане. Гэты помнік мужнасці і гераізму яднае лёсы і пакаленні.

На Маладзечаншчыне амаль 200 помнікаў і абеліскаў

Іна Феліцыянаўна нагадала, што на тэрыторыі Маладзечаншчыны ўстаноўлена 196 помнікаў і абеліскаў. Кожны год праводзяцца работы па іх добраўпарадкаванні. У акцыях удзельнічаюць школьнікі, навучэнцы, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Частку сродкаў на рамонт выдзяляюць спонсары. За кожным аб’ектам замацаваны шэфы. Стан большасці помнікаў не выклікае занепакоенасці, але некаторыя з іх маюць патрэбу ў касметычным рамонце.

— Летась за кошт спонсарскай дапамогі былі адрамантаваны помнікі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны, у Гарадзілаве, Гранічах, Красным, іншых населеных пунктах. Філіял «Маладзечанскае ўпраўленне буравых работ» ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» прывёў у парадак помнік ахвярам фашызму на ўездзе ў Маладзечна з боку Вілейкі. Грошы, заробленыя на суботніках, пайшлі на выраб і ўстаноўку пліт на мемарыяльным комплексе «Шталаг-342», — адзначыла Іна Каханоўская.

— Усяго ў Маладзечне на балансе УП «Камунальнік» каля трыццаці помнікаў, мемарыялаў і мемарыяльных пліт, — дадаў намеснік дырэктара вышэйзгаданага прадпрыемства Віктар Макарэвіч. – Сродкі на рамонт Сцяны памяці былі выдзелены з бюджэту. Выраб і ўстаноўку гранітных пліт правяло ПУП «Брыярэй».      

Віктар Станіслававіч дадаў, што вясной будзе пафарбавана абліцоўка помніка. Як і кожны год, работнікі зелянгаса высадзяць ля мемарыяла кветкі. Дапамогуць наводзіць парадак і праводзіць касметычны рамонт шэфы – калектыў ЗАТ «Амкадор-Унікаб».   

– Машынабудаўнікі лічаць за гонар прымаць удзел у добраўпарадкаванні памятных месцаў Маладзечаншчыны, — падкрэсліла начальнік аддзела па сацыяльна-кадравых пытаннях таварыства Валянціна Дзярабіна. – Памяць пра мінулае роднага краю, подзвіг нашага народа павінны захоўвацца. Вось чаму работнікі прадпрыемства сочаць, каб ля мемарыяла заўсёды быў парадак. У дзяржаўныя святы і іншыя дні яны прыносяць кветкі ў знак удзячнасці героям-землякам.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.