Новости Молодечно и Молодечненского района

«Соглашение мэров по климату и энергии» подписали еще 20 городов Беларуси. Молодечно может присоединиться

  • 2017-12-20 09:49:30
  • Алег Бяганскі

Тое, што адбываецца неардынарная падзея, адчувалася яшчэ на подступах да сталічнай гасцініцы «Вікторыя», дзе і праходзіла падпісанне. Здалёк прыцягвалі ўвагу сцягі краін — удзельніц «Усходняга партнёрства», а таксама Балгарыі. Было шмат журналістаў. Дэлегацыі гарадоў прыбывалі няспынным патокам. Усяго мерапрыемства сабрала больш за 150 удзельнікаў. Сярод іх прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў нашай краіны, грамадскіх арганізацый, замежныя госці.



Аб папулярнасці руху «Пагадненне мэраў» расказаў дырэктар аддзела генеральнага дырэктарата па пытаннях палітыкі суседства і пашырэння Еўрапейскай камісіі Васіліс Марагас. Ён адзначыў, што Еўрапейскі саюз выдзеліў каля 20 мільёнаў еўра на тэхнічную падтрымку гарадоў-удзельнікаў. Пад канкрэтныя праекты выдзяляюцца гранты (бязвыплатныя субсідыі). Горад, які ўдзельнічае ў пагадненні, становіцца больш прывабным для інвестараў. Якасць пражывання ў ім паляпшаецца.

— Галоўныя мэты праекта — эканомія энергетычных рэсурсаў, укараненне «зялёных» тэхналогій, устойлівае развіццё рэгіёнаў. Дзякуючы гэтаму скарачаюцца выкіды шкодных рэчываў, змяншаецца кошт камунальных паслуг, паляпшаецца транспартная інфраструктура, — нагадаў Васіліс Марагас.

Пэўную выгаду маюць і эканамічныя партнёры муніцыпалітэтаў, што ўдзельнічаюць у праграме. Так, у Адэсе ў рамках «Пагаднення мэраў» праводзіцца мадэрнізацыя грамад-
скага транспарту. Тэндар на пастаўку тралейбусаў у гэты горад выйграў беларускі «Белкамунмаш». Кошт кантракта склаў звыш 8 мільёнаў еўра.

Даведка. Для найбольш паспяховых удзельнікаў Еўрапейскі саюз распачаў грантавую праграму «Пагадненне мэраў — дэманстрацыйныя праекты». Тры беларускія гарады — Браслаў, Чавусы і Полацк – перамаглі ўжо ў конкурсе і атрымалі больш за 3 мільёны еўра.

З прадстаўніком Еўрасаюза згодны намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Мікалай Якубоўскі. Ён нагадаў, што абласны цэнтр далучыўся да пагаднення ў 2015 годзе. За гэты час у горадзе было рэалі-
завана некалькі праектаў па паляпшэнні транспартнай інфраструктуры, з’явіліся новыя веладарожкі, пешаходныя пераходы. Дзякуючы паляпшэнню работы грамадскага транспарту гараджане сталі менш карыстацца асабістымі аўтамабілямі. Гэта станоўча паўплывала на экалагічную абстаноўку. Выкіды ў атмасферу СО2 зменшыліся.

Цяпер пры гарвыканкаме створана рабочая група па ўкараненні ў Брэсце элементаў канцэпцыі «разумны горад». Змены закрануць такія сферы, як водазабеспячэнне, бяспека, адукацыя, культура…

Па інфармацыі мэра невялікага горада Жоўква (Львоўская вобласць) Пятра Выхапеня, удзел у міжнародных праектах дазволіў прыцягнуць у сферу энергаэфектыўнасці мільёны еўра інвестыцый. Гэта ў некалькі разоў перавышае гадавы гарадскі бюджэт!

Дарэчы, у пачатку 2016 года аўтар гэтых радкоў разам з іншымі беларускімі журналістамі ў рамках прэс-тура пабываў у вышэйзгаданым украінскім горадзе. Нас уразілі маштабы яго рэканструкцыі. Дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву Жоўква стала сапраўдным турыстычным цэнтрам Прыкарпацця.

Даведка. Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі – ініцыятыва Еўрапейскага саюза. Яна аб’ядноўвае мясцовыя, рэгіянальныя і нацыянальныя органы ўлады, што добраахвотна ўзялі на сябе абавязацельствы рэалізаваць мэты ЕС у галіне клімату і энергіі.

Адпаведнае пагадненне падпісалі звыш 7700 гарадоў, у якіх жыве каля 240 мільёнаў чалавек. Дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Малашанка падкрэсліў, што, далучаючыся да «Пагаднення мэраў», мясцовыя ўлады бяруць на сябе абавязацельствы не проста зменшыць колькасць выкідаў СО2 за кошт укаранення энергазберагальных і энергаэфектыўных тэхналогій і выкарыстання аднаўленчых крыніц энергіі, але і палепшыць якасць жыцця людзей.

Як бачна, ініцыятыва карысная. Акрамя таго, яна працуе. Маладзечна таксама можа далучыцца.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.