Новости Молодечно и Молодечненского района

Што ў рукаве? Палімерным

  • 2021-06-09 07:52:06
  • Алег Бяганскі

На мерапрыемства былі запрошаны кіраўнікі гаспадарак і профільныя спецыялісты.

Удзел у семінары прыняў першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксей Раманюк.

Удзельнікамі семінара на базе ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» сталі кіраўнікі гаспадарак і профільныя спецыялісты.

На семінары ўвага звярталася на дакладнае выкананне тэхналагічных норм і прадпісанняў пры корманарыхтоўцы. Менавіта ад гэтага залежаць якасць кармоў і, як вынік, эфектыўнасць жывёлагадоўчай галіны.

Не засталіся па-за ўвагай пытанні арганізацыі корманарыхтоўчай кампаніі, захаванасці кармоў, аховы працы, іншыя аспекты гарантаванага забеспячэння сельскагаспадарчых жывёл высакаякаснымі кармамі.

Аляксей Раманюк падкрэсліў, што ў гаспадарках важна вытрымліваць аптымальныя тэрміны ўборкі кармавых культур. Кантроль за нарыхтоўкай кармоў вельмі жорсткі.

Удзельнікам семінара прадэманстравалі тэхналогію ўпакоўкі зялёнай масы ў палімерны рукаў. Трэба адзначыць, што такі спосаб корманарыхтоўкі шырока прымяняецца ў Германіі, Англіі, Расіі, Украіне, іншых краінах. Укаранёны ён і ў Мінскай вобласці (у прыватнасці, у Капыльскім і Нясвіжскім раёнах). На Маладзечаншчыне першым практыку асвоіў Маладзечанскі райаграсэрвіс.

Тэхналогія ўпакоўкі зялёнай масы ў палімерны рукаў прымяняецца на Маладзечаншчыне ўпершыню.

На мерапрыемстве падкрэслівалася, што гэта тэхналогія дазваляе нарыхтоўваць кармы ў аптымальныя тэрміны і з найменшымі стратамі. Палімерныя рукавы можна размяшчаць там, дзе будаўніцтва сіласна-сянажных траншэй немэтазгодна. Спосаб не патрабуе вялікіх выдаткаў. Пляцоўкі з «сіласнай тарай» могуць быць размешчаны непасрэдна ля аб’ектаў жывёлагадоўлі. Забіраць з рукавоў кармы таксама зручна.

Немалаважна і тое, што сістэма экалагічная. Выцякання сіласнай вадкасці пры неспрыяльных умовах надвор’я пры яе прымяненні не адбываецца.

Начальнік хімбазы ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» ЛеанідРошчын адзін з удзельнікаў корманарыхтоўчай кампаніі.

Спецыяльны ўпакоўшчык сянажнай масы райаграсэрвіс закупіў летась. Вытворчасць такой тэхнікі наладжана на прадпрыемстве «Бабруйскаграмаш». У раёне гэта першы экзэмпляр спецыялізаванага ўпакоўшчыка.

— Маладзечанскі райаграсэрвіс актыўна нарыхтоўвае травяныя кармы, — расказаў кіраўнік адкрытага акцыянернага таварыства Тадэвуш Зарэцкі. – Работы ідуць хуткімі тэмпамі. Першы ўкос павінен даць 4,8-5 тысяч тон зялёнай масы. Добрыя спадзяванні ў гаспадарцы і на другі ўкос. Вільгаці ў глебе хапае. Травы растуць добра.

Як адзначыла начальнік аддзела механізацыі, вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандра Харук, навучанне аграрыяў правільнай корманарыхтоўцы праводзіцца на Маладзечаншчыне рэгулярна. Адна з мэт такіх семінараў – азнаямленне з перадавымі тэхналогіямі вытворчасці і захоўвання кармоў. Мерапрыемствы даюць станоўчы эфект.

У рамках семінара ўдзельнікі азнаёміліся таксама з метадамі апрацоўкі раслін і інавацыямі, што прымяняюцца на палях філіяла Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга». Дарэчы, гаспадарка першай у раёне ўстанавіла пластыкавы мабільны 500-тонны рэзервуар для захоўвання вадкіх азотных угнаенняў (выдатная альтэрнатыва традыцыйным цыстэрнам). Добра сябе паказала і сучасная высокапрадукцыйная сельскагаспадарчая тэхніка (у прыватнасці, самаходны апырсквальнік «БЛ-300» вытворчасці кампаніі «Аграмашрэсурс»).

Механізатар аграфірмы «Лебедзева» Міхаіл Дземеш ганарыцца, што працуе на сучаснай высокапрадукцыйнай тэхніцы.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.