Без асаблівай надзеі зайшла ў аддзел кадраў, адкуль яе накіравалі да начальніка станцыі Андрэя Шрамука. Той прапанаваў пасаду прыёмаздатчыка грузу і багажу. Аб тым, што тады згадзілася з прапановай, Ірына Станіславаўна ні разу не пашкадавала.
— У мае абавязкі ўваходзіць прыём і выдача грузаў, іх улік, афармленне дакументаў, — гаворыць Ірына Кошчыц. — На станцыі праводзіцца мытны, пагранічны і фітасанітарны кантроль. У такіх выпадках працуем разам са спецыялістамі адпаведных службаў. Акрамя Маладзечна, абслугоўваем станцыі Валожын, Палачаны, Пруды, Аляхновічы, Каледзіно, Уша.
Работа цікавая і пазнавальная. Праз Маладзечанскі чыгуначны вузел праходзіць транзіт у краіны Мытнага саюза і Еўрасаюза. Грузы адпраўляюцца ў Расію, Польшчу, Літву, Казахстан… Найбольш часта афармляюцца экспартныя партыі тавараў такіх прадпрыемстваў, як ЗАТ «Мала-
дзечнамэбля», ААТ «Маладзечнажалезабетон» і інш. Вельмі прыемна, што прадукцыя, вырабленая ў нашым горадзе, карыстаецца попытам.
Цяпер адбываецца рэканструкцыя чыгуначнага палатна ў гродзенскім напрамку. На станцыі перагружаецца многа шчэбню, іншых будаўнічых матэрыялаў. Гэта дадатковыя нагрузкі, аднак чыгуначнікі паспяхова спраўляюцца.
Ірына Кошчыц адзначыла, што за тры дзясяткі гадоў на станцыі многае змянілася. Дзякуючы камп’ютарызацыі дакументы цяпер афармляюцца больш аператыўна. Палепшылася матэрыяльнае аснашчэнне. Іншай стала структура грузапатоку. Так, раней сярод заказчыкаў грузавых адпраўленняў было многа фізічных асоб. Людзі часта пераязджалі ў іншыя рэспублікі былога СССР або прыязджалі ў Беларусь і перавозілі асабістыя рэчы ў кантэйнерах. У наш час грузы адпраўляюць і прымаюць у асноўным прадпрыемствы і арганізацыі.
На працягу змены саставіцелю паяздоў станцыі Маладзечна Міхаілу Зінчанку даводзіцца прычапляць і адчапляць больш за 1100 вагонаў. Гэта каля пятнаццаці саставаў. Аднак паспешлівасць у сваёй прафесіі ён лічыць абсалютна недапушчальнай.
— Асноўнае правіла саставіцеля паяздоў — дасканалае выкананне інструкцый і прадпісанняў, — гаворыць чыгуначнік. – Заўсёды трэба быць вельмі ўважлівым. Калі фарміруеш састаў, звязваешся па рацыі з дзяжурным па «горцы» і машыністам. У час змены нам даводзіцца перамяшчацца на падножцы вагона, таму неабходна быць у добрай спартыўнай форме і абавязкова прытрымлівацца правілаў тэхнікі бяспекі. Увогуле, прадстаўнікі маёй прафесіі – гэта «вочы і рукі» машыністаў. Ад нас у многім залежыць, наколькі хутка грузы будуць дастаўлены да месца назначэння.
Сваю працу Міхаіл Іванавіч любіць і ганарыцца ёй. Ён абслугоўвае саставы як з грузамі стандартных габарытаў, так і з негабарытнымі, у тым ліку з тымі, якія прызначаны для будаўніцтва Астравецкай АЭС. Неабходна быць асабліва пільным, бо любая памылка можа прывесці да вялікіх матэрыяльных страт.
— Вагоны на станцыі не павінны прастойваць, таму працаваць даводзіцца ў любое надвор’е. У час змены адказваеш за захаванасць грузаў, бяспеку персаналу станцыі і пешаходаў. На жаль, не ўсе ўсведамляюць, што чыгуначныя пуці з’яўляюцца зонай павышанай небяспекі. У экстраных выпадках я адразу даю машыністу каманду спыніцца, — адзначыў саставіцель паяздоў.
Цяпер Дзень чыгуначніка стаў для Міхаіла Зінчанкі сямейным святам: пасля вучобы і стажыроўкі на станцыю ўладкавалася яго жонка Святлана.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.