Новости Молодечно и Молодечненского района

Сельская гаспадарка: дапамога будзе аказана

  • 2018-04-27 07:31:18
  • Аляксандр Лазоўскі



– Па стане на 26 красавіка завяршылі сяўбу ранніх яравых 12 гаспадарак. Лідарамі былі акцыянерныя таварыствы «Хоўхлава» і «Селеўцы», – пракаменціраваў раённую зводку аб ходзе работ першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксей Раманюк. – Дарэчы, мы працуем з апераджэннем абласнога графіка на 300 гектараў.

Але гэта зусім не азначае, што ўсё складваецца гладка, зазначае Аляксей Мікалаевіч. Яшчэ з восені дзве гаспадаркі – камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Відзеўшчына» і ААТ «Дубрава-2013» – трапілі ў складаную сітуацыю. Тут не здолелі ў поўным аб’ёме правесці ворыва, не выканалі комплекс іншых работ, што негатыўным чынам адбілася на «ўваходзе ў вясну». Кіраўніцтва раёна, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання не мелі права пакінуць хлебаробаў сам-насам з праблемамі. Была распрацавана праграма аказання дапамогі, зыходзячы з тэхнічнай аснашчанасці сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый. Адгукнуліся ўсе без выключэння. І цяжкі воз грузу зрушыўся з месца. Да прыкладу, за адзін дзень у «Відзеўшчыне» ўзаралі 224 гектары поля. Нехта замест трактара з плугамі выдзеліў пасяўныя агрэгаты.
Такой жа талакой вядзецца сяўба лёну, пад які сёлета адведзены 600 гектараў. Паколькі Красненскі льнозавод знаходзіцца ў стадыі банкруцтва, то глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты вывелі на палеткі працаўнікі райаграсэрвісу, ААТ «Селеўцы» і КСУП «БеразінаАграпрадукт».

Аляксей Раманюк удзячны сваім калегам за разуменне і дапамогу адстаючым. Разам з тым форс-мажорная сітуацыя не павінна паўтарыцца ў будучым, перакананы кіраўнік сельскагаспадарчай галіны раёна. Для своечасовага правядзення работ ёсць усе магчымасці, галоўнае, умець рацыянальна арганізаваць справу.