Новости Молодечно и Молодечненского района

С надеждой на продвижение экономики района

  • 2017-11-16 09:23:30
  • Лилия Липницкая

Вяла сустрэчу начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Таццяна Шафаловіч. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі ўлады, якія курыруюць эканоміку, сельскую гаспадарку і культуру, адказваюць за работу з моладдзю.

— Вы наша перспектыва, будучыя кіраўнікі падраздзяленняў і арганізацый. Мы звязваем з вамі надзею на развіццё эканомікі раёна, — адзначыла Таццяна Шафаловіч.

Сярод маладых спецыялістаў — выпускнікі вядучых сталічных, полацкага, гродзенскага ўніверсітэтаў, ільянскага, навапольскага, столінскага, мар’інагорскага каледжаў аграрнага профілю. Большасць з іх пакуль не абзавяліся сем’ямі, таму выхадцы нашага раёна, як правіла, жывуць з бацькамі, іншыя асвойваюцца ў інтэрнаце. Але пройдзе пару гадоў — і маладыя людзі ўсур’ёз задумаюцца аб уласных квадратных метрах. Таму самыя частыя пытанні з залы тычыліся льгот на будаўніцтва або набыццё жылля.

Т. Шафаловіч рэкамендавала юнакам і дзяўчатам ужо цяпер стаць на чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў для маладых сем’яў, азнаёміцца з тэматычнай інфармацыяй на сайце райвыканкама і нагадала, што ў некаторых сельсаветах існуе ўлік грамадзян па выдзяленні зямельных участкаў.
Другім у рэйтынгу пытанняў была арганізацыя вольнага часу. Напрыклад, у Селеўцах, куды прыйшлі працаваць адразу шасцёра выпускнікоў навучальных устаноў, і ў Радашковічах. Назва пасёлка гучала таксама ў сувязі з фактам, што дзверы мясцовага рабочага інтэрната закрываюцца занадта рана — у 23.00. Прадстаўнікі ўлады абяцалі дапамагчы, тым больш што ў Радашковічах вырашаецца пытанне падаўжэння рэжыму работы кафэ.

— Вядома, з аднаго боку гэта ранавата, бо ў інтэрнаце жывуць дарослыя людзі, сямейныя ў тым ліку. Аднак устаноўлены рэжым грамадскіх месцаў пражывання, і ён аднолькавы ў многіх гарадах краіны, — нагадала Таццяна Шафаловіч.

На ролі прафсаюзных арганізацый у працоўных калектывах засяродзіў увагу намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Актанаровіч:

— Гэта апора і падтрымка работнікаў, асабліва маладых спецыялістаў. На ўсіх прадпрыемствах дзейнічаюць калектыўныя дагаворы, у адпаведнасці з якімі звычайна прадугледжаны шэраг прэферэнцый – у тым ліку скідка або бясплатнае наведванне басейна ці спартыўных залаў, забеспячэнне білетамі на канцэрты. Абавязкова азнаёмцеся з гэтымі дакументамі. У іх вы знойдзеце шмат карысных для сябе пунктаў. І ўступайце ў прафсаюз.

На развітанне хлопцам і дзяўчатам нагадалі, што ім па сілах напоўніць энергіяй і новым імпульсам жыццё сваіх прадпрыемстваў праз свежыя ідэі, рэалізацыю інавацыйных праектаў. Самыя актыўныя павінны папоўніць кадравы рэзерв раёна.

Фота: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.