Пра ход палявых работ расказаў галоўны аграном гаспадаркі Ігнат Ігнатаў.
Ігнат Аляксандравіч адзначыў, што сёлета ў адкрытых акцыянерных таварыствах «Гарадзілава» і «Палачаны» (гэтыя сельгаспрадпрыемствы належаць ТАА «Велес-Міт») плануецца нарыхтаваць 28 тысяч тон сянажнай масы. Аснову зялёных кармоў складуць люцэрна-злакавыя сумесі. Такі падбор раслін адрозніваецца аптымальным спалучэннем бялкоў, вугляводаў, іншых пажыўных рэчываў і мікраэлементаў. Пры гэтым у траншэі закладваецца ўжо гатовая сумесь. У выніку эканомяцца час і рэсурсы, павышаецца якасць рацыёну сельскагаспадарчых жывёл.
— Да корманарыхтоўчай кампаніі ў гаспадарцы рыхтаваліся вельмі старанна, — падкрэсліў спецыяліст. — Гэта тычыцца наладкі тэхнікі, падрыхтоўкі сянажных траншэй, набыцця неабходных кансервантаў. Кармавыя палі былі падкормлены, праведзены іншыя агратэхнічныя мерапрыемствы. Да кампаніі сфарміраваны два механізаваныя атрады (па адным на кожную гаспадарку). Калі спатрэбіцца — сфарміруем яшчэ адзін.
Ігнат Ігнатаў дадаў, што вясна сёлета запазнілася. Рост і паспяванне сельскагаспадарчых культур адбываецца больш павольна, чым летась. Таму тэрміны корманарыхтоўкі зрушыліся прыкладна на тыдзень. Аднак пробная касьба паказала, што вынік кампаніі будзе добры.Адны з удзельнікаў корманарыхтоўкі — механізатары Уладзімір Свянціцкі і Дзяніс Гнілазуб.
Галоўны аграном звярнуў увагу, што жывёлагадоўля з’яўляецца адным з напрамкаў спецыялізацыі гаспадаркі. Таму вырошчванню кармавых культур надаецца асаблівае значэнне. Так, сёлета павялічаны пасяўныя плошчы пад кукурузу. На корм прызначана і частка ўраджаю збожжавых. Пры гэтым структура пасяўных плошчаў распрацоўваецца з улікам усіх патрэб сельгаспрадпрыемства. Значную частку займаюць азімыя культуры.
— Пад азімы рапс у «Гарадзілаве» занята 820 гектараў, у «Палачанах» — прыкладна 700, — удакладніў Ігнат Аляксандравіч. — Азімыя збожжавыя ў абедзвюх гаспадарках займаюць 2400 гектараў. Дарэчы, што да рапсу, гэта адна з найбольш рэнтабельных культур. Вырошчваць яе эканамічна выгадна. Летась ураджайнасць склала 43,1 цэнтнера з гектара. На такія паказчыкі арыентуемся і сёлета. Увогуле, па ўраджайнасці рапсу і збожжавых
«гарадзілаўцы» адны з лідараў у вобласці.
Субяседнік заявіў, што калектыў гаспадаркі гатовы як да «зялёнага жніва», так і да ўборкі збожжавых і зернебабовых. Сваю зладжанасць спецыялісты паказалі сёлета на палявых работах. Сярод іншых адзначыліся Іван Кавалевіч, Аляксандр Стэфановіч, Уладзімір Прыгодскі, Дзяніс Гнілазуб, Уладзімір Свянціцкі, Раман Гінцяк, Сяргей Дземеш, Сяргей Пяцелін.
На палях гаспадаркі мы пабывалі разам з аграномам Інай Шчарбаковай. Асабліва ўразілі квітнеючыя рапсавыя плантацыі. Яны ператварылі наваколле ў яркую паляну.Іна Шчарбакова ацэньвае стан кармавых сумесей перад пакосам.
— Цяпер ідзе апрацоўка рапсу супраць хвароб, — расказала спецыяліст. — За адзін праход агрэгат апрацоўвае паласу шырынёй 24 метры. Працэс гэты камп’ютарызаваны, выкарыстоўваецца GPS-навігацыя. Уся неабходная інфармацыя (у тым ліку бягучы стан работ і іншыя параметры) адлюстроўваецца на планшэце. Гэта дазваляе эканоміць час, паліва і прэпараты.Ідзе апрацоўка рапсу супраць хвароб.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.