Свята на любы густ
Фестываль сабраў народных майстроў і творчыя калектывы з Мядзельскага, Маладзечанскага, Вілейскага, Пастаўскага, Ашмянскага і іншых раёнаў краіны. Падзяліцца вопытам з калегамі і прэзентаваць сваю прадукцыю прыехалі ў нарачанскі край прадстаўнікі цэнтра трансгранічнага супрацоўніцтва Чудскага возера (Эстонія).
На свяце госці мелі магчымасць паслухаць самадзейных артыстаў, паўдзельнічаць у розных гульнях, набыць мясцовыя прысмакі. Для жадаючых былі арганізаваны майстар-класы па вырабе сувеніраў і ганчарным майстэрстве.
Падзеі разгортваліся побач з велічным паркам з жывапіснай воднай сістэмай і сядзібай Сулістроўскіх, помнікам архітэктуры XIX стагоддзя. Дзякуючы вышэйзгаданым славутасцям, маляўнічаму наваколлю, а таксама дзейнасці вясковага бізнес-цэнтра Камарова ўключана ў шэраг турыстычных праграм, такіх як «Экатурызм у Беларусі», «Дзіцячы адпачынак у Беларусі», «Адпачынак выхаднога дня ў Беларусі» і інш.
Новыя гарызонты
Адным з пунктаў выстаўкі-кірмашу быў круглы стол, прысвечаны развіццю малога і сярэдняга бізнесу ў сельскіх населеных пунктах. Яго ўдзельнікі адзначалі, што ў век развіцця інфармацыйных тэхналогій жыхары вёсак павінны мець магчымасць займацца не толькі аграрным, але любымі іншымі сучаснымі відамі дзейнасці. Сярод іх агра - і экатурызм, выраб рэгіянальных сувеніраў, будаўніцтва, рамонт аўтатранспарту, стварэнне і абслугоўванне інтэрнэт-сайтаў і г.д.
Што тычыцца сельскай гаспадаркі, найбольш перспектыўным напрамкам у сучасных умовах з’яўляецца вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі. Прычым вырабляцца яна павінна на сямейных прадпрыемствах малога і сярэдняга бізнесу. Такім чынам можна падняць жыццёвы ўзровень вяскоўцаў і замацаваць кадры ў сельскай мясцовасці.
Пра бізнес -- з 6 класа
— У Эстоніі развіццём прадпрымальніцтва займаюцца спецыяльнае агенцтва, а таксама Міністэрства эканомікі і камунікацый, — расказала Магрыт Сарэ, кіраўнік дэлегацыі прадпрымальнікаў з Эстоніі. – Сродкі на стварэнне кампаній у асноўным выдзяляе Еўрапейскі саюз. Яны накіроўваюцца ў найбольш перспектыўныя галіны эканомікі. Сярод іх сельскі турызм і арганічная сельская гаспадарка.
Магрыт адзначыла, што навучанне правілам вядзення бізнесу ў яе краіне пачынаецца з 6-га класа. Дзеці вучацца складаць бізнес-планы, вывучаць рынак, працаваць з інвестарамі. Старшакласнікі ўжо могуць рэгістраваць пры школах камерцыйныя фірмы. Іх прадукцыя не абкладаецца падаткам і можа свабодна канкурыраваць на рынку. Для яе прасоўвання арганізуюцца кірмашы, выстаўкі, іншыя мерапрыемствы.
Госця падкрэсліла, што многія эстонскія маладзёжныя кампаніі пераўтварыліся ў паспяховыя прадпрыемствы, якія папаўняюць бюджэт і ствараюць рабочыя месцы (у тым ліку і ў сельскай мясцовасці).
Стаўка на адукацыю
Па словах кансультанта Цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва «Камарова» Эдуарда Вайцяховіча, адраджэнне вёскі без замацавання ў ёй маладых адукаваных кадраў немагчымае. Для гэтага неабходна, каб маладыя людзі знаходзілі сабе занятак па душы і мелі магчымасць рэалізаваць свае здольнасці. Вопыт Камарова сведчыць, што гэта рэальна.
На думку Э. Вайцяховіча, будучыня беларускай вёскі менавіта за спалучэннем сельскай гаспадаркі, турыстычнага бізнесу і экалагічных тэхналогій. Для павышэння прывабнасці сельскага прадпрымальніцтва і навучання правілам яго вядзення ў Камарове створаны бізнес-інкубатар. Сродкі на праект выдзеліў Еўрасаюз.