Ля Кафедральнага сабора Успення Прасвятой Багародзіцы 10 снежня шаноўнага госця віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, прадстаўнікі духавенства, вернікі. У храме быў адслужаны малебен. Па заканчэнні богаслужэння мітрапаліт Павел благаславіў прысутных, падзякаваў за сумесную малітву, павіншаваў з пяцігоддзем епархіі. Мітрапаліт падарыў епіскапу Маладзечанскаму і Стаўбцоўскаму Паўлу ікону Нараджэння Хрыстова. Вернікі таксама атрымалі на памяць іконкі.
Праграма мерапрыемстваў прадоўжылася ў музычным каледжы імя М.К. Агінскага. Ва ўстанове разгарнулася фотавыстава на духоўную тэматыку. У канцэртнай зале каледжа адбылася ўрачыстая частка. Кадры відэастужкі расказалі прысутным пра асноўныя вехі епархіяльнага жыцця.
У прывітальным слове мітрапаліт Павел высока ацаніў дзейнасць Маладзечанскай епархіі. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў адзначыў плённае супрацоўніцтва мясцовай улады і духавенства. Юрый Мікалаевіч уручыў епіскапу Паўлу Ганаровую грамату райвыканкама, адзначыў яго актыўную дабрачынную дзейнасць, клопат аб захаванні стабільнасці і згоды ў грамадстве, вялікі ўклад у развіццё і павелічэнне духоўнага патэнцыялу раёна. Епіскап сардэчна падзякаваў усім, хто раздзяліў радасць святочнай падзеі, прымае ўдзел у жыцці епархіі, спрыяе яе развіццю.
Творчым падарункам прысутным стала выступленне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. Гэта ўстанова, як і Палац культуры, стала традыцыйнай пляцоўкай для правядзення маштабных праектаў па духоўна-маральным выхаванні, якія ўзвышаюць чалавека, адкрываюць сэрцы для дабрыні.
АДНЫМ СКАЗАМ
За пяць гадоў у Маладзечанскай епархіі асвечаны сем храмаў і закладзены тры новыя. У Маладзечне летась асвечаны крыптавы храм Царскіх страстацерпцаў Кафедральнага сабора Успення Прасвятой Багародзіцы, устаноўлены галоўны купал на храме Нара-
джэння Хрыстова ў шостым мікрараёне. Сёлета асвечаны благавеснік на храме велікамучаніка Георгія Перамаганосца.
У 117 прыходах епархіі нясуць служэнне
87 святароў. Больш за 20 маладзёжных брацтваў і сястрынстваў займаюцца місіянерскай і дабрачыннай дзейнасцю.
Людміла ЦАР.
Фота: Аліна ГЛУХАВА.