Новости Молодечно и Молодечненского района

Профсоюзы АПК Молодечненского района: горизонты общей работы

  • 2017-12-22 12:00:58
  • Аляксандр Лазоўскі



Старшыня райкама Уладзімір Саланенка сур’ёзна рыхтаваўся да выступлення. У дакладзе пастараўся акрэсліць увесь гарызонт дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі, у склад якой уваходзіць 5316 чалавек. За два апошнія гады раённая арганізацыя прырасла шасцю новымі «пярвічкамі» – яны з’явіліся на масласырбазе, кансервавым камбінаце, у гандлёвым доме «Будпрадукт»…

Сёння адной з прыярытэтных задач з’яўляецца папаўненне радоў новымі сябрамі, стопрацэнтны ахоп работнікаў членствам у прафарганізацыі. І тут, перакананы У. Саланенка, многае залежыць ад аўтарытэта лідара. А такіх на Маладзечаншчыне нямала – абсалютная большасць старшынь пярвічных арганізацый працуе адказна, ініцыятыўна.

Без перабольшвання, у прафсаюзнай рабоце няма дробязей, бо любое пытанне завязана на чалавеку-працаўніку, на фундаментальных прынцыпах, такіх, як захаванне працоўнага заканадаўства, ахова працы, заработная плата, стварэнне належных умоў для выканання службовых абавязкаў, працоўнай і вытворчай дысцыпліны, эканоміі і беражлівасці.

Так, абарона працоўных, прафесійных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў работнікаў дасягаецца, па перакананні дакладчыка, праз прынцып сацыяльнага партнёрства. У 2015 годзе раённай арганізацыяй заключана раённае пагадненне, якое ўтрымлівае гарантыі і кампенсацыі, закла-
дзеныя ў Генеральным, тарыфным галіновым і абласным пагадненнях. Цяпер па раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК заключаны і зарэгістраваны 41 калектыўны дагавор. Не фармальна паставіліся да гэтага важнага дакумента ў ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» і «Усход-Агра»,
СУП «Хажоваагра-2009» і ТДА «Віст». У апошнім прыняцце калектыўнага дагавора стала, як кажуць, справай усеагульнай і галоснай.

Прафсаюзы настаялі на ўнясенні ў калектыўныя дагаворы сельгаспрадпрыемстваў такіх пунктаў, як арганізацыя гарачага харчавання работнікаў у перыяд напружаных палявых работ (як бясплатнага – ААТ «Гарадзілава», Дзяржсортстанцыя, так і частковай аплаты), ільготы па апрацоўцы прысядзібных участкаў, выдзяленне транспарту для дастаўкі кармоў для свойскай жывёлы, паліва, продаж збожжа і шмат што іншае. Да прыкладу, у акцыянерным таварыстве «Хажоваагра-2009» калектыўны дагавор паміж адміністрацыяй і прафкамам утрымлівае цэлы пакет сацыяльных ільгот, у тым ліку пры дасягненні работнікам пяцідзесяцігадовага ўзросту, пры ўступленні ў шлюб, пры нараджэнні дзіцяці. Ёсць чаму павучыцца ў ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс», ПМК-32.

За два апошнія гады работнікам – членам прафсаюза вернуты незаконна ўтрыманыя альбо нявыплачаныя грашовыя сродкі ў суме 10982 рублі. Так, па дапамогу ў райкам звярталі-
ся жывёлаводы ААТ «Палачаны» і СУП «Хажоваагра-2009», маладыя спецыялісты з ААТ «Селеўцы». Разам з тым, адзначалася на пленуме, старшыні прафсаюзных арганізацый павінны больш прынцыпова ставіцца да выпадкаў парушэння наймальнікам тэрмінаў выплаты заработнай платы, стварэння бяспечных умоў працы.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Мікалай Каткавец адзначыў зладжаную работу райкама прафсаюза работнікаў АПК, яго актыву з аграрным «штабам», сельгаспрадпрыемствамі. «У нас агульная задача – павышаць эфектыўнасць вытворчасці, атрымліваць максімум прадукцыі пры мінімальных затратах і ў выніку павялічваць жыццёвы ўзровень сельскіх працаўнікоў, іх сем’яў. Прычым дабівацца гэтага без аўралу, без надзвычайных здарэнняў на рабочых месцах. Чалавек, яго здароўе і жыццё павінны быць на першым плане. Вы на пра-
вільным шляху, застаецца толькі павышаць актыўнасць».

Высока ацаніў дзейнасць райкама прафсаюза работнікаў АПК і Пётр Окунеў, намеснік старшыні Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК. Ён папрасіў прафсаюзных лідараў нават у самай цяжкай для арганізацыі фінансавай сітуацыі не змяняць калектыўны дагавор у бок пагаршэння эканамічных і сацыяльных правоў работнікаў – сітуацыя калі-небудзь зменіцца, а вярнуць у лакальны нарматыўны акт «выразаныя» пазіцыі будзе няпроста.

Дзмітрый КАСПАРЭВІЧ, старшыня прафсаюзнай арганізацыі свінагадоўчага комплексу ААТ «Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў»:
– У нас на комплексе вырашаны ўсе пытанні сацыяльнага характару – адрамантаваныя і працуюць душавыя, работнікі забяспечаны спецадзеннем, арганізавана гарачае харчаванне па сімвалічных цэнах, кожнаму работніку за паўцаны штомесяц выдзяляецца дзесяць кілаграмаў свініны. Сярэдні заробак за студзень-кастрычнік склаў 847 рублёў. Імкнёмся з карысцю праводзіць вольны час, арганізуем экскурсійныя паездкі для членаў прафсаюза і іх дзяцей.

Мае таварышы шчыра ўдзячныя журналістам «Маладзечанскай газеты» за ўзнятую на яе старонках праблему добраўпарадкавання вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Мойсічы. Разлічваем, што кіраўніцтва Хажоўскага сельвыканкама напярэдадні выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў усё ж знойдзе магчымасць і адрамантуе згаданую вуліцу, па якой нашы работнікі вымушаны нярэдка з прыгодамі дабірацца на комплекс і назад.

Алена НЯВЕРА, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Хоўхлава»:
– Летась і адміністрацыі, і прафкаму давялося ў прамым сэнсе змагацца за захаванне працоўнага калектыву. Калі з’явілася інфармацыя аб рэарганізацыі, людзі былі ўсхваляваныя: чаму без нашага ўдзелу вырашаецца наш лёс? Мы звярталіся і ў райвыканкам, і ў аблвыканкам, даказвалі памылковасць рашэння. І дабіліся свайго: рэарганізацыю прызналі немэтазгоднай, калектыў захаваўся. У чарговы раз пераканаліся, што разам мы – сіла.
Сёння на ўліку ў нашай прафсаюзнай арганізацыі 98 чалавек. Прафкам імкнецца ахапіць усе бакі вытворчага жыцця і сацыяльнага побыту калектыву – працоўнае спаборніцтва, заахвочванне лепшых, сацыяльныя льготы, адпачынак. У гэтым годзе многія нашы работнікі былі адзначаны граматамі, дыпломамі і грашовымі прэміямі за працоўныя дасягненні і актыўную грамадскую дзейнасць.

Марыя МАЛАШКА, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СТАА «Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод - «Аквадыў»:
– Галоўным нашым дакументам з’яўляецца калектыўны дагавор. Выкананне яго палажэнняў у многім спрыяе эфектыўнай рабоце прадпрыемства, станоўча адбіваецца на росце заработнай платы. Дагаворам прадугледжаны цэлы шэраг дадатковых кампенсацый, гарантый і заахвочванняў. Прафсаюзныя сродкі накіроўваем на матэрыяльную дапамогу ў сувязі з пэўнымі жыццёвымі сітуацыямі, на турысцка-экскурсійную дзейнасць, спартыўна-масавыя і культурныя мерапрыемствы, набываем абанементы ў басейн, трэнажорную залу, на каток. Штодзённа за арганізацыяй вытворчасці, захаваннем заканадаўства аб ахове працы сочаць кіраўнікі структурных падраздзяленняў сумесна з грамадскімі інспектарамі.

Часлава БЕЛАЯ, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Гарадзілава»:
– У прафсаюзнага камітэта шырокае поле дзейнасці. Стараемся ахапіць увагай усе аспекты жыцця нашага калектыву – ад паляпшэння ўмоў працы да канкрэтнай дапамогі чалавеку. У перыяд масавых сельскагаспадарчых работ шырока практыкуем спаборніцтва, заахвочваем лепшых.
У той жа час вельмі хвалююць парушэнні працоўнай дысцыпліны, злоўжыванне алкаголем асобнымі работнікамі. Стараемся канкрэтнымі дзеяннямі змагацца з гэтай заганай. Дабіваемся большай актыўнасці ад членаў прафсаюзнай арганізацыі ў любой справе. Зрухі ёсць, аднак не тыя, што дазваляюць самазаспакоіцца.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.