– Задача прафсаюзаў у першую чаргу – стаяць на варце працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў сваіх членаў, актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх сферах працоўнага жыцця работнікаў. Але той, хто добра працуе, павінен і добра адпачываць. Чалавек павінен надаваць увагу свайму здароўю і адпачынку. Практычна ва ўсіх калектыўных дагаворах ёсць пункты, якія прадугледжваюць матэрыяльныя выплаты на адпачынак і аздараўленне. Раз на год чалавек можа скарыстаць дапамогу. Гэта дадатковая выплата да зарплаты, за кошт якой можна павысіць якасць свайго адпачынку, каб потым з новымі сіламі ўзяцца за вырашэнне новых задач. У некаторых установах і арганізацыях, акрамя матэрыяльных выплат, у калектыўных дагаворах прадугледжана аказанне іншай дапамогі. Так, напрыклад, у сярэдняй школе №14 гэта частковая аплата членам прафсаюза санаторна-курортнага аздараўлення ў памеры да 7 базавых велічынь.
– Таццяна Пятроўна, дзе б вы параілі нашым чытачам правесці адпачынак?
– Пераканана, што яго трэба выкарыстаць не толькі каб з карысцю бавіць час, але і паправіць сваё здароўе. Таму я рэкамендавала б усім адпачываць у прафсаюзных санаторыях — гэтыя здраўніцы прапануюць не толькі камфортныя ўмовы для пражывання, але і аказанне спектра медыцынскіх і касметалагічных працэдур. Тым больш што ўсе прафсаюзныя здраўніцы даюць членам прафсаюза і іх дзецям скідку ў 25 працэнтаў. А гэта, пагадзіцеся, добрая эканомія сямейнага бюджэту.
– Гэта значыць, камфортны, недарагі адпачынак з карысцю для здароўя?
– І ехаць далёка не трэба. Трынаццаць прафсаюзных санаторыяў ёсць ва ўсіх абласцях краіны. Вось, да прыкладу, узяць нашы, якія размешчаны ў Мінскай вобласці, – прафсаюзныя санаторыі «Крыніца» і «Беларусачка» ў Ждановічах, «Нарач», «Нарачанскі бераг» і «Нарачанка» ў Нарачы. Тут можна выбраць неабходны профіль лячэння: захворванні дыхальнай, сардэчна-сасудзістай сістэмы, апорна-рухальнага апарату і гэтак далей. Усюды працуе высокакваліфікаваны персанал, практычна паўсюдна ёсць гаючая мінеральная вада і лячэбная гліна. І ў дадатак – свежае паветра і маляўнічыя месцы. Паехаць адпачыць і аздаравіцца можна як аднаму, так і ўсёй сям’ёй.
– На працягу рабочага года прафсаюз таксама клапоціцца аб вольным часе работнікаў?..
– Безумоўна! Мы імкнёмся прапанаваць людзям варыянты добрага актыўнага адпачынку не толькі ў час водпуску, але і ў звычайныя выхадныя. Для іх ладзяцца паездкі, экскурсіі, спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Бо акрамя таго што сумесныя паездкі або ўдзел у спартыўных мерапрыемствах дораць добры настрой і яркія эмоцыі, гэта яшчэ аб’ядноўвае калектыў. Так, напрыклад, нашы райкамы прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, дзяржаўных органаў, аграпрамысловага комплексу рэгулярна арганізуюць паездкі і тэматычныя экскурсіі на працягу года. Актыўную работу ў гэтым кірунку таксама праводзяць пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі Маладзечанскіх электрасетак, вайсковай часці ў Красным, УП «Камунальнік», КУП «Маладзечнаводаканал».