Новости Молодечно и Молодечненского района

Прадукт заўтрашняга дня

  • 2018-01-25 09:41:39
  • Вячаслаў Табулін

Такую высокую ацэнку атрымалі керамічныя парызаваныя пустацелыя блокі, выпуск якіх асвоіла прадпрыемства. А нядаўна стала вядома, што гэтыя вырабы адзначаны на конкурсе «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» у намінацыі «Прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння».

Цяжка паверыць, што яшчэ не так даўно прадпрыемства мела вялікія цяжкасці з рэалізацыяй выпускаемай прадукцыі. На складзе залежвалася каля 14 мільёнаў умоўных адзінак цэглы, што складала амаль 280 працэнтаў ад месячнага аб’ёму яе выпуску. Пасля таго як завод узначаліў Алег Мішчанка, справы пачалі мяняцца ў лепшы бок.

Дырэктар ААТ «Радашковіцкі керамічны завод» Алег Мішчанка (у цэнтры),  начальнік змены Алег Маргуноў і аператар пульта кіравання Сяргей Ключнік.



— Калі раней асартымент быў абмежаваны толькі выпускам цэглы, то цяпер разам з традыцыйнымі вырабамі мы актыўна нарошчваем вытворчасць керамічных парызаваных сценавых блокаў, — адзначае дырэктар. — Прычым самых розных памераў, якія найбольш запатрабаваныя ў сучасным будаўніцтве. Гэта стала значнай канкурэнтнай перавагай перад іншымі вытворцамі.   

Такім чынам, расшырэнне асартыменту і высокая якасць прадукцыі плюс гнуткая цэнавая палітыка (кошт радашковіцкай цэглы і блокаў ніжэйшы, чым у канкурэнтаў) далі адчувальны плён. Аб’ёмы вытворчасці растуць. Толькі летась завод выпусціў 68 мільёнаў штук умоўнай цэглы. На складзе прадукцыя не затрымліваецца. Сярод пакупнікоў як будаўнічыя арганізацыі, так і прыватныя забудоўшчыкі.

— Немалаважны фактар, які садзейнічае руху наперад, — асваенне сучасных тэхналогій, — працягвае А. Мішчанка. — Гэта немагчыма без новага абсталявання. Хочам асвоіць выпуск высакаякаснай абліцовачнай цэглы. Можна сказаць, работы ў гэтым кірунку пачаліся. Вызначаны ўчастак, дзе вядзецца рэканструкцыя, закупляецца неабходнае абсталяванне. Першыя пробныя ўзоры такой цэглы будуць выпушчаны ўжо ў маі. Разам з наладкай абсталявання будзем вывучаць і попыт. Тут вельмі важна не памыліцца нават у выбары каляровай гамы, каб не спрацаваць на склад.

Восенню з канвеера сыдуць першыя партыі новай прадукцыі, а ў пачатку наступнага года сучасная вытворчасць абліцовачнай цэглы будзе працаваць у планавым рэжыме.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.