Усяго на Маладзечаншчыне не выкарыстоўваюцца 12 аб’ектаў рэспубліканскай уласнасці, 47 – раённай, 41 – адкрытых акцыянерных таварыстваў з доляй дзяржавы, 43 – прыватнай, а таксама закрытых акцыянерных таварыстваў, сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў і іншых суб’ектаў гаспадарання. Штомесяц праводзіцца маніторынг праблемных збудаванняў.
Айчыннае заканадаўства прадугледжвае некалькі спосабаў уключэння аб’ектаў у гаспадарчы абарот: продаж, здача ў арэнду, выкарыстанне з уласнай мэтай. Уласніку дазваляецца і закансерваваць іх. Калі пабудова выкарыстоўваецца не эфектыўна, падатак на нерухомасць і зямлю для яе можа быць павялічаны ў 10 разоў.
Для больш хуткага ўключэння ў гаспадарчы абарот будынкаў і збудаванняў, якія знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы, прадугледжаны істотныя льготы. Так, пад стварэнне рабочых месцаў, рэалізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці, рэканструкцыю, прыцягненне інвестыцый аб’ект можа быць прададзены новаму ўласніку ўсяго за адну базавую велічыню. Як паказвае практыка, найбольш часта новыя гаспадары знаходзяцца для камунальных аб’ектаў дзяржаўнай формы ўласнасці.
Сярод найбольш паспяховых праектаў па ліквідацыі безгаспадарчасці – стварэнне на базе былой сталовай у пасёлку Сасновы Бор кафэ «Правінцыя» з банкетнай залай. Цяпер гэта адно з любімых месцаў адпачынку жыхароў пасёлка.
У 2009 годзе аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама рэалізаваў суб’екту прад-
прымальніцтва за адну «базавую» будынак дзіцячага сада ў Палачанах. Пабудову адрамантавалі і прыстасавалі пад цэх для вырабу прадуктаў харчавання. У выніку былі створаны рабочыя месцы, а бюджэт папоўніўся дадатковымі паступленнямі.
Закінуты будынак школы ў Радашковічах пасля рамонту і перапрафілявання стаў выкарыстоўвацца для захоўвання і перапрацоўкі плодаагародніннай прадукцыі. Набыла аб’ект адна з фермерскіх гаспадарак Маладзечаншчыны.