— Усяго ў корманарыхтоўцы задзейнічана каля дзесяці адзінак тэхнікі, — гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Сямён Свешнікаў. – Тэхналогія на зялёным жніве прымяняецца традыцыйная. Люцэрна-злакавая сумесь скошваецца, падвяльваецца, па меры гатоўнасці збіраецца ў валкі, потым падбіраецца і транспартуецца да сянажнай траншэі. За першы ўкос плануем нарыхтаваць каля пяці тысяч тон сенажу.
Спецыяліст паведаміў, што пад кармавую сумесь у гаспадарцы адведзены 964 гектары палёў. Яшчэ 950 гектараў займае кукуруза (на 200 гектараў больш, чым летась). Царыца палёў таксама прызначана на зялёны корм. Ва «Усходзе-Агра» плануецца правесці тры ўкосы кармавых траў. Найбольш каштоўны як па аб’ёме, так і па кармавых уласцівасцях менавіта першы.
— Са стартам корманарыхтоўкі ў аграрыяў зноў пачалася гарачая пара, — дадала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі таварыства Ганна Карней. — Людзі праводзяць на полі і на трамбоўцы сянажных траншэй шмат часу. Таму ў гаспадарцы паклапаціліся пра ўмовы працы ўдзельнікаў кампаніі. Работнікі атрымліваюць гарачае харчаванне, падвячоркі. Закуплена ў дастатковай колькасці пітная бутыляваная вада.
Субяседніца адзначыла, што работнікі матываваныя выконваць свае абавязкі якасна і максімальна хутка. Для гэтага распрацаваны ўмовы прафесійнага спаборніцтва. Такая практыка паказала сваю эфектыўнасць, таму прымяняецца не першы год.
Каб паназіраць за ходам корманарыхтоўкі, мы паехалі на поле ля Вывераў. Там скошаная травасумесь была сабрана ў валкі. Корманарыхтоўчы камбайн пад кіраўніцтвам вопытнага механізатара Мікалая Бондара хутка падбіраў зялёную масу. Транспарт, які адвозіў яе да сянажнай ямы, запаўняўся за некалькі хвілін.
— У гаспадарцы працую 17 гадоў, — расказаў Мікалай Міхайлавіч. – Тэхніку люблю, дасканала разбіраюся ў ёй. Два гады таму мне даверылі новы корманарыхтоўчы камбайн. Асвоіў яго без праблем. Нарыхтоўкай кармоў буду займацца да восені. Наперадзе яшчэ два ўкосы траў, уборка кукурузы. Работа цяжкая, але акрамя нас ніхто яе не зробіць.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.