— Вырошчваць цукровыя буракі выгадна, — гаворыць кіраўнік таварыства Тадэвуш Зарэцкі. – Летась рэнтабельнасць іх вырошчвання склала 120 працэнтаў. На прыбытак плануем выйсці і сёлета. Галоўнае, засеяць культуру ў аптымальныя тэрміны. А спачатку трэба па ўсіх правілах падрыхтаваць глебу — выраўнаваць, падсушыць. Адпаведныя работы пачаліся як толькі дазволіла надвор’е.
Субяседнік адзначыў, што раннія яравыя збожжавыя ў гаспадарцы пасеялі аднымі з першых у раёне. Потым рытм пасяўной збілі дажджы. Аднак дзякуючы ападкам у глебе ўтварыўся значны запас вільгаці. Яго павінна хапіць да лета. Гэта залог добрага ўраджаю.
— Палявыя работы цяпер у самым разгары, — падкрэсліў Тадэвуш Мечыслававіч. – Практычна адначасова з пасевам цукровых буракоў у гаспадарцы пачалі сеяць кукурузу на зярняты. Дапамагаем правесці пасяўную кампанію іншым гаспадаркам раёна. Спецыялісты райаграсэрвіса выязджаюць на месцы, каб выканаць заяўкі па рамонце рухавікоў, паліўнай апаратуры, іншых вузлоў і механізмаў сельскагаспадарчай тэхнікі.
У таварыстве памятаюць, што не за гарамі зялёнае жніво. Корманарыхтоўка стартуе ў канцы мая – пачатку чэрвеня. Гэта кампанія таксама патрабуе стараннай падрыхтоўкі. Традыцыйна яна праходзіць паспяхова. Так, летась у таварыстве быў нарыхтаваны амаль паўтарагадовы запас зялёных кармоў. Што да пашавага сезона, ён пачнецца праз некалькі дзён. У выніку надоі ад кароў малочнага статка павялічацца.Механізатар Мікалай Абцэвіч заняты на перадпасяўной падрыхтоўцы плошчаў, адведзеных пад цукровыя буракі.
— Вялікае значэнне ў сельскагаспадарчай вытворчасці мае чалавечы фактар, — заўважыў Тадэвуш Зарэцкі. – У райаграсэрвісе гэта разумеюць, таму дзейнічаюць адпаведным чынам. Напрыклад, у час пасяўной кампаніі прымяняецца прагрэсіўна ўзрастаючая сістэма аплаты працы. Такая мера павышае матывацыю работнікаў працаваць якасна і з поўнай аддачай. Важна і тое, што для ўдзельнікаў севу арганізавана гарачае харчаванне, 70 працэнтаў кошту якога кампенсуе гаспадарка.Апошняя падрыхтоўка перад пасевам салодкай культуры.
На думку Тадэвуша Мечыслававіча, Маладзечанскі райаграсэрвіс мае добрыя разлікі на ўраджай. Прынамсі ўсё, што залежыць ад людзей і тэхнікі, будзе выканана ў тэрмін і ў поўнай меры.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.